Ці можна ў прымусовай эміграцыі рабіць штосьці пазітыўнае? Так, калі твая душа патрабуе пазітыву і светлых пачуццяў і ўражанняў, калі нават у змрочныя часы ёсць жаданне пазітыўнай творчасці. У гэтым перакананы мастачкі: Ірына і дзве Яўгеніі.
Яўгенія кажа, што калі яна перастане маляваць, то і перастане дыхаць. На прадстаўленых на выставе карцінах у пераважнай большасці кветкі, намаляваныя алейнай тэхнікай на палатне:
- Вось гэтая тэхніка мая любімая. Гэта пастозныя мазкі, якімі намаляваны гэтыя маленькія карціны. Вось гэтыя кветачкі - каханыя кветачкі майго мужа. Наконт тэхнік у алеі, іх насамрэч не вельмі шмат. Могуць быць карціны ў монатэхніцы, калі расцягнуты адзін колер. Або могуць быць каляровыя, могуць быць пастозныя. Можа быць у тэхніцы галандскіх майстроў, калі наносіцца цёмнае кола. Затым, пасля высыхання, накладваюцца адценні. І таму нашыя галандскія карціны, якія мы ведаем ад галандскіх майстроў, яны здаюцца такімі напаўпразрыстымі. У мяне ў асноўным больш такая пастозная тэхніка. Гэта маё хобі, якое паволі перарастае і ў асноўную працу. Бо без гэтага насамрэч я не магу. Я зразумела, што мне трэба маляваць. Калі я не буду маляваць, то я не буду жыць. Гэта для мяне як паветра. Малявала я са школьных гадоў. Потым быў такі перыяд, вельмі цікавы, я лічу, у маім жыцці, калі я захапілася бацікам. І яшчэ ў мяне было захапленне, калі я пачала сама ствараць тканіны і потым шыць з іх сукенкі.
Карціны Ірыны
Працы Ірыны – гэта каляровае лісце з кропелькамі вады, выкананыя ў тэхніцы акварэлі. Важна ў жыцці не губляць добры настрой, а натхненне варта чэрпаць з самых простых рэчаў вакол нас, кажа мастачка:
- Наогул, я люблю рознымі тэхнікамі маляваць. Люблю эксперыментаваць з матэрыяламі. Маляваць і акрылавай фарбай, і алейнай. Але акварэль лічыцца самай складанай тэхнікай. Мне заўсёды хацелася гэтую тэхніку асвоіць прафесійна. Чаму лісце? Лісце, восень, час сыходзіць, хутка іх не будзе. Але яны ў той самы час такія прыгожыя. І вось гэтыя кропелькі дажджу, яны як упрыгожанне для дзяўчыны. Я проста залюбавалася менавіта гэтым момантам. Што пакуль ён ёсць, ён настолькі прыгожы. І мне менавіта хацелася гэтую прыгажосць паказаць на аркушы паперы далікатнай тэхнікай акварэлі. Я мусіць наогул па жыцці шчаслівы чалавек. Бо мяне атачаюць самыя цудоўныя людзі. Тое ж самае з рэчамі. Нейкая прыгажосць. Проста вось ідзеш і думаеш, божа, ну як гэта прыгожа. Я прыгадваю, калі мы вучыліся ў Віцебску, у нас быў вельмі добры выкладчык па жывапісе. І ён кажа, паедзьце ў закінутую вёску і паглядзіце на домік. Колькі ў ім прыгажосці. І для мяне, напэўна, вось гэта настолькі адклалася ў душы.
Яўгенія Палуян і яе працы
Тэме выставы «Светлыя душы ў змрочны час» адпавядаюць працы трэцяй мастачкі Яўгеніі Палуян. Частка прац выкананая ў форме мініяцюр:
- Кожнае пакаленне мае пераходныя моманты, змену ўлады і гэтак далей. Таму трэба канцэнтраваць увагу на тым, што добрае. Як толькі мы жывём у кепскіх навінах, то гэта ў нас так і застаецца, мы круцім у галаве, як на паўторы. Калі ў мяне здараюцца цяжкія моманты, я еду ў студыю і малюю. Калі я малюю, то, як падчас ёгі, думкі адключаюцца. Застаецца жывапіс і натхненне. Пераезд паўплываў на маю творчасць. У Беларусі я малявала больш чорнага колеру, графічныя малюнкі, кніжныя ілюстрацыі. Калі прыехала сюды, то пабачыла іншае грамадства, дзе людзі больш усміхаюцца. Дзе ўсе не мусяць быць аднолькавыя. Я малюю ў студыі Дома творцаў, малюю акрылавымі фарбамі і маркерамі. У мяне таксама ёсць серыя партрэтаў палітвязняў.
Калекцыя партрэтаў палітвязняў Яўгеніі налічвае амаль 800. Але пра гэта тэма на асобную размову.
Выстава адбылася дзякуючы ідэі і намаганням Вольгі Пашковіч, беларускай творцы і актывісткі. Як яна расказала на вернісажы, выстава ёй прыснілася, і яна вырашыла ажыццявіць пабачанае ў сне. Дарэчы, Вольга намінаваная на Асобу года 2024 у катэгорыі Культура.
слухайце аўдыё