У маўленчай плыні гукі рэдка вымаўляюцца ізалявана. Яны ўтвараюць упарадкаваную гукавую плынь. Дзякуючы асобным гукам, словы адрозніваюцца сваім значэннем, напр. том – дом (гукі т, д адрозніваюцца па звонкасці – глухасці) ці воз – в’оз (гукі в, в’ адзрозніваюцца па цвёрдасці – мяккасці). Пад уплывам суседніх гукаў альбо агульных умоў вымаўлення ў залежнасці ад пазіцыі гуку ў слове: на пачатку ці на канцы слова, пад націскам ці ў ненаціскным становішчы, назіраюцца розныя фанетычныя працэсы.
У выніку ўзаемадзеяння гукаў у працэсе маўленя назіраюцца пазіцыйныя і камбінаторныя змяненні. Адны з іх частыя, як напр. рэгрэсіўныя змены, калі наступны гук уплывае на папярэдні, а другія рэдкія – у беларускай мове гэта прагрэсіўныя змены, значыць, уплыў папярэдняга гуку на наступны. Сярод гэтых зменаў выдзяляюцца:
- акамадацыя – частковае дастасаванне артыкуляцыі суседніх гукаў: галоснага да зычнага: мяккія зычныя перасоўваюць галосныя гукі крыху наперад і ўверх (напр. а крыху інакш вымаўляецца і гучыць у словах мама і н’ан’а); назіраецца таксама дастасаванне зычнага да галоснага (напр. лабіялізацыя зычных гукаў перад галоснымі о, у – параўн. вымаўленне л у словах лапаць, лыпаць і лопаць, лупаць);
- асіміляцыя – прыпадабненне адных зычных гукаў да іншых у рамках фанетычнага слова: найчасцей выступае асіміляцыя рэгрэсіўная няпоўная (у слове кн’ішка < кніжка глухі зычны к паўплываў на аглушэнне папярэдняга звонкага ж і вымаўленне яго як ш, а ў слове каз’ба < касьба звонкі гук б паўплываў на азванчэнне глухога с’ і вымаўленне яко як з’) і больш рэдкая асіміляцыя рэгрэсіўная поўная (у слове л’оч:ык < лётчык папярэдні зычны т поўнасцю прыпадабніўся да наступнага ч і вымаўляецца як падвойнае чч, а ў слове с’м’айэс’с’а < смяешся папярэдні зычны ш поўнасцю прыпадабніўся да наступнага с’ і вымаўляецца як падвойнае с’с’);
- дысіміляцыя – гэта распадабненне, якое найчасцей назіраецца ў гутарковай мове, напр. у беларускіх гаворках сутракаецца вымаўленне бонба < бомба, таму што побач сябе апынуліся два губныя зычныя гукі м і б і папярэдні распадабніўся ў пярэднеязычны н); гэтая з’ява можа датычыць таксама гукаў, якія не знаходзяцца па-суседску, але раздзелены іншымі гукамі, параўн. адаптацыю ў беларускай мове французскага слова corridor > калідор, дзе папярэдняе р распадабнілася ў л’, хаця ад канцавога р аддзелена складам до;
- метатэза – перастаноўка гукаў ці складоў, якая найчасцей назіраецца ў гаворках (ганавіцы < нагавіцы); у літаратурнай мове маем прыклад футляр, дзе ў выніку адаптацыі нямецкага слова Futteral адбылася замена -ral на -ляр;
- эпентэза – гэта паяўленне дадатковага зычнага гуку ў выніку зацвярдзення зычнага, напр. паяўленне эпентычнага л’ у беларускім слове зямля ў выніку гістарычнага развіцця, што выразна відаць пры параўнанні з польскім ziemia; альбо паяўленне зычнага в пры нетыповым для беларушчыны спалучэнні галосных гукаў, напр. Лявон (поль. Leon), Тадэвуш (поль. Tadeusz);
- дыярэза – гэта спрашчэнне спалучэння некалькіх зычных гукаў: са спалучэння трох зычных найчасцей выпадае сярэдні, параўн. беларускую і расійскую мовы (бел. сэрца – рас. сердце, бел. позна – рас. поздно, бел. сонца – рас. солнце); у гэтым выпадку вымаўленне ў беларускай мове супадае з напісаннем;
- гаплалогія – гэта фанетычны працэс, які заключаецца ў замене двух аднолькавых ці падобных складоў адным складам (мінералогія < мінералалогія, трагікамедыя < трагікакамедыя);
- кантракцыя – гэта зліццё двух зычных гукаў у адзін (беларус+скі > беларускі, ткач+скі >ткацкі, мастак+скі > мастацкі).
Праз тыдзень засяродзім нашу ўвагу на чаргаванні зычных і галосных гукаў.
Ніна Баршчэўская