Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: націск

17.08.2019 14:18
Націск маюць толькі самастойныя часціны мовы. Службовыя словы націску не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да самастойных слоў.
Аўдыё
  • Націск маюць толькі самастойныя часціны мовы.
Фанетыка беларускай літаратурнай мовыradyjo.net

Склад – гэта мінімальная адзінка фанетычна-фаналагічнай структуры. Утварае яго галосны гук. Склад можа ўтвараць адзін галосны гук (напр. злучнікі а, і), альбо некалькі гукаў (дом, кні-га, пры). Склады падзяляюцца на:

  • адкрытыя – яны заканчваюцца галосным гукам (да-ро-га, жы-та, ма-ла-ды),
  • закрытыя – заканчваюцца зычным гукам (ат-лас, ён, сон),
  • непрыкрытыя – пачынаюцца галосным гукам (а-га-род, у-ні-фі-ка-цы-я, э-ка-но-мі-ка),
  • прыкрытыя – пачынаюцца зычным гукам (ву-чыць, ме-тад, тай-га).

У беларускай мове існуе тэндэнцыя да г. зв. адкрытых складоў, значыць такіх, якія канчаюцца галосным гукам. Таму існуюць некаторыя адрозненні паміж падзелам на склады і падзелам пры пераносе слоў, бо пры пераносе слоў трэба улічваць таксама марфалагічную структуру слова, параўн. некалькі прыкладаў: ма-ла-дняк, ску-пка, сла-не-чнік  (падзел на склады) – ма-лад-няк, скуп-ка, сла-неч-нік (перанос слова з улікам марфемнага складу).

Каля 90% беларускіх лексем утвараюць ад 2 да 4 складоў (2 склады – ва-да, 3 – со-не-чны, 4 – га-ра-дска-я).

У слове вельмі важную ролю выконвае націск:

  • кульмінацыйную – націскны склад выдзяляецца сярод іншых складоў і вымаўляецца з большай сілай голасу і больш працягла (сме-лы, кры-ва-вы, ма-ла-ды),
  • сігніфікатыўную – пры дапамозе націску адрозніваем значэнне слоў, якія пішуцца аднолькава (атлас – атлас, вучыць – вучыць, мука – мука),
  • дэлімітацыйную – дапамагае ў размежаванні слоў,
  • экспрэсіўную – паказвае на адносіны моўцы да выказвання.

Націск у беларускай мове:

  • свабодны – г. зн., што можа падаць на любы склад у слове (1 – сто-лік, 2 – да-ро-га, 3 – се-на-кос, 4 – а-без-зя-ме-ліць, 5 – жы-вё-ла-га-доў-ля); трэба заўважыць, што ў выпадку складаных слоў апрача галоўнага націску паяўляецца таксама пабочны націск, які падае на першую частку складанага слова: і так, у слове жывёлагадоўля, якое складаецца з двух слоў жывёла+гадоўля асноўны націск падае на другую частку слова, а пабочны на першую: жы-вё-ла-га-доў-ля; падобная сітуацыя будзе назірацца ў іншых складаных словах (дрэ-ва-а-пра-цоў-ка, ці пед-у-ні-вер-сі-тэт); націск можа падаць на любую марфему слова: прэфікс (вы-бе-ліць), корань (кні-жа-чка), суфікс (ма-лень-кі) і канчатак (на-біў-ны);
  • нерухомы – пры змене формаў слова націск можа не змяняць свайго месца (кні-га, кні-гі, кні-зе, кні-га-мі; ха-та, ха-ты, ха-це, ха-та-мі);
  • рухомы – пры змене формаў слова націск пераходзіць на іншыя склады (зя-мля, зе-млі; бу-сел, бу-слы). 

Націск маюць толькі самастойныя часціны мовы. Службовыя словы націску не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да самастойных слоў, утвараючы праклітыкі (пад акном – прыназоўнік пад знаходзіцца ў прэпазіцыі да назоўніка) і энклітыкі (пайшоў бы, гаварыла ж – часціцы бы і ж знаходзяцца ў постпазіцыі да дзеясловаў).

Зразумела, так як пры дапамозе націску выдзяляем нейкі склад у слове, таксама можам выдзеліць пэўнае слова ў сінтагме ці ў сказе. Пры дапамозе лагічнага націску можам уплываць на змену значэння выказвання, пакідаючы парадак слоў у сказе аднолькавым, без змен, параўн. Ён чытае часопіс  / Ён чытае часопіс  / Ён чытае часопіс.  У сказе Ён чытае часопіс  звяртаем увагу на суб’ект дзеяння і падкрэсліваем, што часопіс чытае менавіта ён, а не яна і не я. Калі скажам Ён чытае часопіс, тады звяртаем увагу на дзеянне і адзначаем, што ён чытае менавіта часопіс, а не гартае яго ці купляе. У сваю чаргу ў сказе Ён чытае часопіс звяртаем увагу на аб’ект дзеяння і падкрэсліваем, што ён чытае менавіта часопіс, а не кнігу.

Такія сказы ў пісьмовай форме ствараюць магчымасць да адвольнай інтэрпрэтацыі чытача, і ад яго залежыць выбар лагічнага націску.

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак