Сёння ў перадачы «Па-беларуску без памылак» увагу засяродзім на карэляцыях, г. зн. суадносных радах зычных і галосных фанем.
Выступае некалькі карэляцый зычных фанем:
- па звонкасці – глухасці: 9 пар – <б-п> ([б]от – [п]от), <б’-п’> ([б’]іць – [п’]іць), <д-т> ([д]ым – [т]ым), <дз’-ц’> ([дз’]ік – [ц’]ік), <з-с> ([з]рэбны – [с]рэбны), <з’-с’> ([з’]іма – [с’]іла), <ж-ш> ([ж]ар – [ш]ар), <дж-ч> (ха[дж]у – ха[ч]у), <г-х> ([г]рам – [х]рам);
моцнымі пазіцыямі для парных зычных па звонкасці – глухасці з’яўляецца становішча перад галоснымі i перад санорнымі;
- па цвёрдасці – мяккасці: 11 пар – <б-б’> ([б]ыць – [б’]іць), <п-п’> (с[п]аць – с[п’]аць), <м-м’> ([м]ала – [м’]ала), <в-в’> ([в]ыць – [в’]іць), <ф-<ф’> (вер[ф] – вер[ф’]i), <д-дз’> ([д]уба – [дз’]уба), <т-ц’> (бра[т] – бра[ц’]), <з-з’> (ва[з]ы – ва[з’]і), <с-с’> ([с]аду – [с’]аду), <л-л’> (по[л]ка – по[л’]ка), <н-н’> ([н]ос – [н’]ос);
моцнай пазіцыяй для ўсіх зычных фанем з’яўляецца становішча перад галоснымі [а], [о], [у], [і];
у большасці слоў іншамоўнага паходжання зычныя перад <э> застаюцца цвёрдымі: [д]элегат, [д]экан, сту[д]энт, [т]эма, [т]эорыя, універсі[т]эт;
пар па мяккасці не маюць толькі зацвярдзелыя зычныя: <ж> ([ж]олуд), <ш> ([ш]ыр), <дж> ([дж]ынс), <ч> ([ч]ас), <р> ([р]ака) і <ц> ([ц]эгла);
- па месцы ўтварэння: рад прадстаўлены зубнымі зычнымі <з> ([з]орка), <с> ([с]эрца), <ц> ([ц]натлівы) i пярэднепаднябеннымі <ж> ([ж]аць), <ш> ([ш]эпт), <дж> ([дж]ала), <ч> ([ч]алавек);
моцнай пазіцыяй для свісцячых-шыпячых з’яўляецца іх становішча перад галоснымі альбо санорнымі;
слабыя пазіцыі для свісцячых-шыпячых – спалучэнне свісцячых з шыпячымі або шыпячых са свісцячымі: [ш:]ытак (сшытак), [ж:]ыць (зжыць), смяе[с':а] (смяешся), на до[сц]ы (на дошцы), [шˆч]аснаком (з часнаком).
- па спосабе ўтварэння: суадносны рад прадстаўлены змычнымі <д> ([д]ом), <т> ([т]ом) і афрыкатамі <дз> ([дз]ынкаць), <дз’> ([дз’]веры), <ц> ([ц]а[ц]ка), <ц’> ([ц’]мяны), <дж> ([дж]ала), <ч> ([ч]акаць);
моцная пазіцыя для змычных і афрыкат – таксама становішча перад галоснымі і санорнымі;
слабая пазіцыя для змычных і афрыкат – становішча перад шчыліннымі альбо афрыкатамі таго ж месца ўтварэння: выкла[ч:]ык (выкладчык), пераплё[ч:]ык (пераплётчык), а[ц:]адзіць (адцадзіць), па[ц':о]к (падцёк);
- падоўжаныя фанемы (у інтэрвакальным становішчы): насенне, збожжа, ноччу і падвоеныя (на стыку марфем): камен-н-ы, ад-даць, з-жы-ць;
- чаргаванне [в] – [ў]: каро[в]а – каро[ў]ка, іль[в]ы – ле[ў], [л] – [ў]: піса[л]а – піса[ў];
- прыстаўныя гукі: <в> (вуха), <г> (гэты), <і> (імгла), <а> (амшар).
У фаналагічнай сістэме агульнаўжывальных слоў беларускай мовы вылучаецца 5 галосных фанем: <а>, <о>, <і>, <у>, <э>. Пры класіфікацыі галосных фанем увага звяртаецца на пад’ём языка і лабіялізацыю.
Моцнай пазіцыяй для галосных фанем з’яўляецца іх націскное становішча, у якім фанемы валодаюць большымі распазнавальнымі магчымасцямі: р<а>нак, р<у>кі, д<о>м, <п'э>ршы, <л′і>к.
„Галосныя таксама ўтвараюць рады ў залежнасці ад націску і суседства цвёрдых-мяккіх зычных. Параўнайце: л[∙э]с – л[∙а]сны – л[∙э∙]снічоўка, м[∙о]д – м[∙а]док – м[∙э]давуха. Прычым галосныя фанемы <а>, <і>, <у> залежаць толькі ад суседства цвёрдых-мяккіх зычных: с[а]д – с[а]дочак – с[а]давод – с[а∙]дзіць, п[∙і∙]ць – вып[∙і]ты, л[∙у ]бы – л[∙у∙]бімы.
Як бачна з прыведзеных прыкладаў, мена гукаў, што рэалізуюць фанемы, адбываецца ў якім-небудзь морфе – мінімальнай значымай частцы слова, якая пры словазмяненні можа крыху змяняць сваё фанетычнае аблічча, але заўсёды прысутнічае ў роднасных утварэннях. Напрыклад, рук-а, руч-к-а, ру[к′]і. Гукавыя змены ў морфе вызначаюцца заканамернасцямі фаналагічнай сістэмы або марфалагічнымі чаргаваннямі. Калі гукавыя змены морфа вызначаюцца марфемным чаргаваннем, то ўзнікаюць розныя морфы, якія належаць адной марфеме. Марфалагічныя чаргаванні вызначаюць тоеснасць морфаў адной марфемы: бераг – бераж-ок – на бера[з′]-е (г // ж // з′). Калі гукавыя змены ў морфах узнікаюць не ў выніку марфалагічнага чаргавання, а пад уплывам фаналагічнай сістэмы, то ўзнікаюць аламорфы аднаго морфа: лён – лян-ок, вод-н-ы – вад-а. Пазіцыйная мена гукаў, залежная ад функцыянавання фаналагічнай сістэмы, вызначае тоеснасць аламорфаў аднаго морфа.” (Г.К. Чахоўскі, Т.Л. Чахоўская, Сучасная беларуская мова. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія, Мінск 2010, с. 88-89; шырэй гл. с. 74-89).
Ніна Баршчэўская