Беларуская Служба

У Варшаве расце цікавасць да беларускай мовы

27.02.2020 13:51
На бясплатныя курсы беларускай мовы ў Варшаве, што пачнуцца ў сакавіку, запісаліся беларусы, украінцы і палякі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Курсы беларускай мовы ў Варшаве.
          Capitol.
Курсы беларускай мовы ў Варшаве будуць праходзіць у будынку тэатра Capitol. Commons.wikimedia.org/Adrian Grycuk/CC-BY-SA 3.0

У Варшаве з сакавіка з’явілася магчымасць бясплатна вывучаць беларускую мову. Пра гэта паклапацілася кафедра беларусазнаўства Варшаўскага ўніверсітэта, Культурны цэнтр Беларусі пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча і таварыства “Польшча—Усход”.

Ініцыятыва правядзення бясплатных курсаў беларускай мовы ў Варшаве належыць Культурнаму цэнтру Беларусі пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. Курсы праходзяць з 2015 года.


Афіша курсаў беларускай мовы ў Варшаве. Афіша курсаў беларускай мовы ў Варшаве.

Ілона Юрэвіч, кіраўнік Культурнага цэнтра Беларусі пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча: — Гэтыя курсы вельмі важныя для нашага пасольства і цэнтра, бо мова і культура — гэта асновы культуры народа. Пасольства і культурны цэнтр адкрыты для ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, літаратурай і культурай. Настаўнікі і слухачу курсаў могуць карыстацца кнігамі з бібліятэкі культурнага цэнтра.

У сувязі з тым, што ўжо два гады цэнтр не мае свайго будынка, курсы праходзяць у памяшканні таварыства “Польшча—Усход”, за што выказваем падзяку старшыні таварыства Юзафу Брылю.


Ілона Юрэвіч, кіраўнік Культурнага цэнтра Беларусі пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. Ілона Юрэвіч, кіраўнік Культурнага цэнтра Беларусі пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.

Выкладчыкамі на курсах з’яўляюцца супрацоўнікі кафедры беларусазнаўства Варшаўскага ўніверсітэта доктар гуманітарных навук Вольга Трацяк і магістр Ірына Агеева.

Вольга Трацяк, выкладчыца на курсах беларускай мовы: — Нашы слухачы — гэта пераважна дарослыя людзі. Прыходзяць маладыя людзі, якія вывучаюць адразу некалькі моў. Некаторыя слухачы адчуваюць місію: вывучаючы беларускую мову яны робяць уклад у яе падтрымку. У гэтым семестры на курсы запісаліся беларусы, украінцы і палякі.

Нашымі курсамі зацікаўлены варшавяне і тыя, хто прыязджае вучыцца ў Варшаву. Зацікаўленасць беларускай мовай расце.

Курсы пачнуцца ў сакавіку ў будынку варшаўскага тэатра Capitol (вул. Маршалкоўска, 115, зала D6). Група для пачаткоўцаў будзе займацца па серадах з 18.30 (першая лекцыя адбудзецца 4 сакавіка), а другая група, для прасунутых, будзе збірацца па чацвяргах з 18.00 (першая лекцыя 5 сакавіка). Жадаючыя запісацца на курсы яшчэ маюць такую магчымасць.

Ілона Юрэвіч: — Слухачы курсаў таксама маюць магчымасць з першых рук атрымліваць інфармацыю пра беларускія культурныя мерапрыемствы ў Варшаве і Польшчы.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост