Беларуская Служба

Беларус забіў савецкага пасла, помсцячы за рускага цара

02.04.2020 10:03
У 1927 годзе на варшаўскім вакзале быў забіты пасол СССР Пётр Войкаў: у яго страляў беларус Барыс Каверда.
          .   .
Герб СССР на будынку былога пасольства СССР у Польшчы на вул. Пазнаньскай у Варшаве.Viktar Korbut

У лодзінскім выдавецтве „Księży Młyn” у 2019 годзе выйшла кніга варшаўскага журналіста і краязнаўца Ежы Станіслава Маеўскага „Sekrety Warszawy” («Cакрэты Варшавы»). Адзін з сюжэтаў кнігі, што пачынаецца на 56-й старонцы, прысвечаны забойству ў 1927 годзе беларусам Барысам Кавердам пасла СССР у Польшчы Пятра Войкава.

Ежы Станіслаў Маеўскі: Войкаў быў чалавекам, якога вельмі неахвотна прынялі ў Польшчы. Войкаў быў адным з удзельнікаў Рыжскіх перагавораў, які змагаўся за тое, каб СССР быў абавязаны вярнуць Польшчы як мага менш рэчаў пасля падпісання мірнага дагавора ў 1921 годзе.

Калі Войкаў прыехаў у Варшаву, ён перанёс сядзібу пасольства СССР з гатэля Rzymski, што знаходзіўся ў старым палацы ў стылі ракако на рагу вул. Трэмбацкай і Фоша (цяпер Мальера), прыкладна на месцы задняй часткі цяперашняга разбудаванага Вялікага тэатра. Войкаў перанёс пасольства ў будынак на вул. Пазнаньскай, які захаваўся дагэтуль з фасадам з вялікім гербам СССР, за два дамы ад рогу з вул. Хожай. Цяпер у гэтым будынку знаходзіцца буцік-гатэль.

Пасла Пятра Войкава ненавідзела ўся руская белая эміграцыя ў Варшаве, бо лічылася, што ён быў забойцам царскай сям’і ў Екацерынбургу. Праўда, калі нейкі журналіст пытаў Войкава пра гэта, то пасол адказаў, што ён гэтага не рабіў і нічога не ведаў пра гэта. На самай справе ён не страляў. Але рускія эмігранты знайшлі дакументы, у якіх Войкаў даваў згоду на выкарыстанне кіслаты для ліквідацыі астанкаў царскай сям’і.

А паколькі Войкава ненавідзелі, то яго хацелі забіць — і забілі. І гэта здарылася на пероне чыгуначнага вакзала (Dworzec Główny) у 1927 годзе. З вул. Пазнаньскай было недалёка да вакзала. Войкаў паехаў на вакзал, каб забраць паўнамоцнага прадстаўніка ўрада СССР у Лондане Аркадзія Разенгольца, які прыязджаў у той час у Варшаву — Англія ў той час спыніла адносіны з СССР. Разенгольц вяртаўся праз Варшаву ў Маскву, у Варшаве была перасадка. Войкаў прайшоў з Разенгольцам да буфета, а калі яны вярталіся да цягніка, да іх падбег малады тэрарыст Барыс Каверда і пачаў у яго страляць. Войкаў таксама выцягнуў пісталет і пачаў страляць у Каверду, але не папаў. Войкаў памёр у шпіталі.


Барыс Каверда на судовым працэсе 15 чэрвеня 1927 года ў Варшаве. Барыс Каверда на судовым працэсе 15 чэрвеня 1927 года ў Варшаве.

Барыс Каверда нарадзіўся ў 1907 г. у Вільні. Яго бацька Сапрон быў членам партыі эсэраў. У 1921 г. маці Ганна з дзецьмі вярнулася ў Вільню, там узначаліла беларускі прытулак для дзяцей-сірот. Барыс, як і яго дзве сястры, спачатку вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, але з-за камуністычных поглядаў аднакласнікаў перайшоў у рускую гімназію, адкуль быў выключаны, бо не меў грошай на навучанне.

Барыс Каверда пачаў працаваць экспедытарам беларускай пракамуністычнай газеты «Наша думка», пазней перайшоў у антыкамуністычную газету «Грамадскі голас», перайменаваную ў 1926 г. у «Беларускае слова». Разам з яе рэдактарам Арсенем Паўлюкевічам і казачым есаулам Міхаілам Якаўлевым падрыхтаваў замах на пасла СССР у Польшчы Пятра Войкава.

На судзе ў Варшаве Барыс Каверда заявіў: «Прызнаю, што забіў Войкава, але вінаватым сябе не лічу. Я застрэліў Войкава за ўсё тое, што ўчынілі бальшавікі ў Расіі. Асабіста я яго не знаў».

Каверда быў асуджаны на пажыццёвую катаргу, але тэрмін зняволення скарацілі — да 15 гадоў. Каверда быў вызвалены па амністыі ў 1937 годзе. З Польшчы ён адправіўся ў Югаславію, потым вярнуўся ў Польшчу — напярэдадні Другой сусветнай вайны, затым зноў пераехаў у Югаславію. Увесну 1940 года вярнуўся да сям’і ў Варшаву і знаходзіўся там да лета 1944 года, адкуль з’ехаў у Германію, дзе рыхтаваў агентаў з савецкіх грамадзян.

Пасля вайны Каверда з жонкай і дачкой жыў у Швейцарыі, Францыі і ФРГ, адкуль у 1952 г. сям’я перабралася ў ЗША, дзе да 1963 г. Каверда працаваў у газеце «Россия» (Нью-Ёрк), затым у друкарні «Нового русского слова».

Барыс Каверда памёр у 1987 г. у Вашынгтоне, пахаваны ў рускім манастыры Новае Дзівеева.

А лёс паслоў СССР, якія працавалі пасля Войкава ў Варшаве, быў трагічны.

Ежы Станіслаў Маеўскі: Усе наступныя паслы былі забіты. Але ўжо Сталіным. Іх адклікалі з Варшавы падчас “вялікіх чыстак” і забівалі. Апрача апошняга, які прыбыў напярэдадні Другой сусветнай вайны.

Натуральна, ніхто не ведаў у Варшаве пра лёс гэтых людзей пасля таго, як іх адклікалі з пасад, пра тое, што яны знікаюць...

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Ад апошняга караля Рэчы Паспалітай застаўся толькі гузік

12.03.2020 10:01
Ежы Станіслаў Маеўскі расказвае пра лёс астанкаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага.