Беларуская Служба

Лапідарый у Клодскай крэпасці (ФОТА)

18.03.2022 14:03
Тут знайшлі прытулак, між іншым, унікальныя помнікі рэнесансных надмагілляў з усяго рэгіёну.
Аўдыё
  • Лапідарый у Клодскай крэпасці
Лапідарый у Клодскай крэпасціAnna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сёння я запрашаю пазнаёміцца з унікальным месцам, якое знаходзіцца ў Клодскай крэпасці, то бок у горадзе Клодзка (Kłodzko) на паўднёвым захадзе Польшчы. Гаворка ідзе пра мясцовы лапідарый, які быў заснаваны для захавання і аховы каменных скульптураў і архітэктурных дэталяў, якія засталіся пасля зносу гістарычных будынкаў у рэгіёне.

Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Лапідарый (лац. Lapidarius – камень) – гэта месца для захоўвання і прэзентацыі ўзораў камянёў і каменных фрагментаў архітэктурных элементаў, а таксама эпіграфічных надпісаў, надмагілляў, скульптур з гістарычных будынкаў. Лапідарый можа размяшчацца на адкрытым паветры або ў закрытым памяшканні, як музей і галерэя. Першыя лапідарыі былі створаныя ў эпоху Адраджэння і сталі папулярнымі ў XIX стагоддзі. Першы публічны лапідарый знаходзіцца ў Вероне і быў заснаваны ў 1738–1749 гадах маркізам Сцыпіёнам Мафеі.

Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Лапідарый у Клодскай крэпасці быў заснаваны на пачатку 1970-х гадоў мінулага стагоддзя ў супрацоўніцтве з тагачасным кансерватарам помнікаў, як сховішча для ўнікальных архітэктурных дэталяў і каштоўных артэфактаў са шматлікіх гарадкоў у Клодскай даліне, якія тады паступова прыходзілі ў заняпад. Было прынятае рашэнне захаваць гістарычныя элементы ў лапідарыі ў Клодскаўскай крэпасці, дзе іх можна ўбачыць і сёння.

Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Гістарычныя дошкі, скульптуры ў стылі барока і парталы з усяго рэгіёна, надмагіллі ў стылі адраджэння – усё гэта можна пабачыць у гэтак званым Ніжнім бастыёне або былых кавалерыйскіх казармах.

Здзіўленне гледачоў могуць выклікаць эпітафіі немаўлят і нованароджаных дзяцей, звязаныя са старой традыцыяй. Эпітафіі паходзяць з XVI i XVII стагоддзяў. Пратэстанты арганізоўвалі пахаванні нехрышчоных немаўлят. Цікава, што Каталіцкі касцёл дапусціў такую магчымасць толькі 400 гадоў пазней.

Наведваючы лапідарый, мы таксама можам шмат даведацца пра цікавую гісторыю Клодзка, звязаную з пратэстанцкім веравызнаннем і яго ўплывам, напрыклад, на гандаль і развіццё горада.

Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У лапідарыі мы таксама можам пабачыць ганебны слуп з непадалёкага Войбужа(Wojbórz). Гэты сімвал сярэднявечнага правасуддзя, у мінулым размяшчаўся на галоўнай плошчы, у цэнтральнай частцы вёскі, у суседстве школы і касцёла. Усе яго абміналі. Той, хто да яго дакрануўся, страчваў сваё месца ў касцёле, сяброў і гонар. У клодскім лапідарыі захаваўся толькі фрагмент ад яго. Як ён сапраўды выглядаў мы ведаем дзякуючы архіўнаму фотаздымку 1930-х гадоў мінулага стагоддзя.

Адным з цікавейшых і найбольш загадкавых экспанатаў у лапідарыі з’яўляецца таксама фрагмент фігуры без галавы, даўжынёй у 145 сантыметраў. Характэрныя атрыбуты, дазваляюць здагадвацца, што гэта выява чэшскага святога мучаніка Яна Непамуцкага.

Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сярод некалькіх дзясяткаў сабраных у лапідарыі каштоўных артэфактаў, знаходзіцца таксама надмагільная пліта з выявай пяці немаўлят – гэта вельмі кранальны экспанат.

Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сам лапідарый размешчаны ва ўнікальным аб'екце, якім зʼяўляецца Клодская крэпасць (ням. Festung Glatz) на Фартэчнай гары (369 метраў над узроўнем мора) у цэнтры Клодзка. Гэта адзін з самых цікавых і найлепш захаваных ваенных абʼектаў у Еўропе. Гэта таксама адна з самых вядомых славутасцей Ніжняй Сілезіі. Абаронная сістэма з XVII-XVIII стагоддзяў зʼяўляецца класічным узорам абарончага дойлідства таго перыяду. Плошча крэпасці складае больш за 30 гектараў.

Клодская крэпасць. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Клодская крэпасць. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У крэпасці Вы можаце ўбачыць выставу, якая расказвае аб гісторыі крэпасці, абарончых бастыёнах, а таксама шмат цікавага аб самім горадзе. У крэпасці знаходзіцца ўнікальная сетка з 40 кіламетраў падземных лабірынтаў, часткова адкрытых для турыстаў. Гэты падземны маршрут карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод наведвальнікаў.

Панарама горада Клодзка. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Панарама горада Клодзка. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Па крэпасці турыстаў праводзяць, апранутыя ў гістарычную форму гіды. З найвышэйшай часткі крэпасці можна палюбавацца цудоўнай панарамай горада і гор Судэтаў, якія акружаюць Клодскую даліну.

Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Лапідарый у Клодскай крэпасці. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Лапідарый размешчаны прама ля галоўнай брамы Клодскаўскай крэпасці. Яго можна наведваць самастойна, то бок без гіда. Дарэчы, гэта не адзінае такое месца ў Клодзку. Свой невялікі лапідарый мае і Музей Клодскай зямлі і Клодзка, які размяшчаецца ў гістарычным будынку былой езуіцкай школы-інтэрната.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу