Палац эпохі рэнесансу «Віла Дец’юша» недалёка ад берагу ракі Рудавы прымае фестываль «Культура ў выгнанні», які амаль цалкам прысвечаны Беларусі. Праходзіць адразу некалькі дзясяткаў мастацкіх ды інтэграцыйных канцэртаў і выставаў, тлумачыць Сільвія Мілкоўская з Інстытуту культуры «Віла Дэц’юша»:
-Наш фестываль мы пачалі сімвалічнай акцыяй – у парку, якія раскінуты навокал «Вілы Дэц’юша», разам з удзельнікамі фестывалю «Культура ў выгнанні» пасадзілі дрэва. Пад дрэвам можна схавацца ў непагадзь – гэта сімвал бяспекі, таксама гэта сімвал укаранення – мы як бы паказваем, што вымушаны пераезд у іншую краіну, гэта не абавязкова вырыванне з каранямі, наадварот, гэта магчымасць запусціць карані ў нечым новым, падзяліцца сабою з новым асяроддзем.
Фестываль «Культура ў выгнанні» выконвае таксама важную інтэграцыйную функцыю, бо ў яго арганізацыю былі заангажаваныя і мясцовыя беларусы, пра распавяла Вольга Кавальская з суполкі «Беларусы Кракава»
Сярод вялікай і насычанай праграмы фестывалю важнае месца займае мастацкая выстава, прысвечаная беларускім палітвязням – «Сэрца за кратамі», якая адкрылася ў першы дзень «Культуры на выгнанні». Студэнтка 6-га курсу Універсітэту імя М. Складоўскай-Кюры ў Любліне Дар’я праз лісты, вершы і малюнкі вязняў сумлення перадае беззаганнасць іх памкненняў:
-Падчас падрыхтоўкі гэтай выставы больш за ўсё ўразіў моцны кантраст. Большасць з іх асуджаны па нейкіх жахлівых артыкулах Крымінальнага кодэксу, рэжым з іх робіць ледзьве не тэрарыстаў. А калі чытаеш іх лісты, вершы, глядзіш на іх малюнкі, адчуваеш моцную цноту, любоў. Іх лісты і малюнкі напоўненыя цеплынёй – простымі, звычайнымі для людзей эмоцыямі. З іх лістоў зразумела, што гэтыя людзі не зычуць нікому зла. Яны выходзілі за нашу і вашу свабоду, за праўду, а іх каштоўнасці чыстыя і нявінныя. І тое што яны зараз знаходзяцца за кратамі – абсалютная несправядлівасць.
Завершыць «Культуру ў выгнанні» фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», дзе сярод іншых свае дзіцячыя вершы прачытае Андрэй Скурко, пройдзе дыскусія з Альгердам Бахарэвічам і Марыяй Мартысевіч і г.д. Будуць і прэм’еры, свой новы раман «Свінні» прадставіць Аляксандр Чарнуха. Адзін з арганізатраў «Прадмовы», паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч сказаў нам, што культура ў цяжкія часы дападае заставацца людзьмі і гэта галоўнае.
Слухайце аўдыё!
эж