Алена Ляшкевіч фалькларыст, даследчыца. Цяпер яна жыве ў Польшчы, мае магчымасць паглядзець, як арганізавана сфера культурнага жыцця. Мы папрасілі яе правесці невялікія паралелі з Беларуссю:
«У Польшчы больш фестываляў, шмат гуртоў, якія былі створаныя пад патранатам мясцовых устаноў культуры. Яны могуць на аснове мясцовага фальклору займацца творчасцю, або выкарыстоўваць агульнапольскі матэрыял. Ёсць некалькі вялікіх калектываў, кшталту нашых «Харошак», якіх людзі ведаюць больш, напрыклад, Дзяржаўны ансамбль народнай песні і танца «Мазоўша», ансамбль «Сьлёнск». Таксама ёсць пласт рэвіваль, гэта гарадскія людзі, якія аднаўляюць культурныя традыцыі, наколькі самі гэта разумеюць. Што адрознівае гэты кірунак ад беларускага, то ў Польшчы ён больш вузкі. Калі чалавек цікавіцца спевамі, то будзе сфакусаваны на гэтым. У Беларусі, калі чалавек прыйшоў на народныя танцы, то ён паступова будзе паглыбляцца ў кантэкст: пашые строй народны, паедзе ў вёску паглядзіць свята жыўцом, пойдзе на спевы і гэтак далей».
Цікавая сітуацыя і з народнымі строямі: у Беларусь ёсць арганізаваныя курсы, шмат хто вучыцца самастойна. І сапраўды многа звычайных людзей якія зацікаўленыя ў народнай традыцыі, хоць і не прафесійна, маюць уласныя народныя строі. Іх «выгульваюць» на вечарынкі з танцамі, масавыя народныя святы, што ладзяць, напрыклад, музеі, падчас абрадавых святаў і гэтак далей. Увогуле мець нацыянальны беларускі строй для, як кажуць, свядомага беларуса – справа гонару.
Фалькларыстка Алена Ляшкевіч дзеліцца сваім назіраннем, што палякі да гэтага ставяцца больш спакойна: «Тут традыцыйныя строі не ў модзе, іх носяць хутчэй тыя ж удзельнікі творчых калектываў. Палякі, калі бачаць, нашыя здымкі са святаў, здзіўляюцца, што гэта звычайныя людзі самі сабе пашылі строй і ў ім прыехалі на свята».
Этнограф адзначае вялікі ўплыў касцёлу на традыцыю.
«Падчас свята Мазурковы панядзелак – панядзелак пасля Вялікадня выступаў гурт з вёскі Калінаўка Касцельна, гэта на Падляшшы. І мужчыны з гурта распавядалі, што мясцовыя размаўляюць усходне-славянкай гаворкай, а песні ўжо па-польску. І большая частка песень пасля Вялікадня – рэлігійныя. Традыцыйныя валачобныя, як спяваць у Беларусі, на славу гаспадару дома, яго дачцэ, сям’і і гэтак далей, яны праспявалі толькі тры».
Таксама Алена Ляшкевіч звяртае ўвагу, што дзяржава больш фінансава падтрымлівае сферу культуры, што, безумоўна, уплывае на яе захаванне, пашырэнне, колькасць калектываў.
«Фінансаванне культуры лепшае, чым у нас. Дастаткова паглядзець, як выглядаюць аналагі нашых дамоў культуры – wiejskie świetlicy. Тут увесь час аб’яўляюцца конкурсы, у тым ліку па традыцыйнай культуры, для артыстаў, рамеснікаў, гуртоў, менеджараў. Таксама ёсць спіс матэрыяльна-культурнай спадчыны, але іншы падыход. У Беларусі, каб унесці аб’ект ці абрад, прадстаўнік установы культуры мусіць зрабіць шмат даследчай працы, знайсці сродкі, каб прадставіць гэта на радзе ў Мінкульт. У Польшчы ёсць магчымасць атрымаць дзяржаўнае фінансаванне ўжо на этапе, калі мясцовая супольнасць хоча нешта ўнесці ў гэты спіс. Канешне, таксама трэба напісаць заяўку, рэалізаваць праект, адсправаздачыцца пра яго. Ведаю, што работнікі культуры тут увесь час у руху, не сядзяць на адным месцы, але хутчэй яны сканцэнтраваныя на сваім профілі, а не вядуць дзесяць розных гурткоў у розных месцах».
У Беларусі становіцца менш жыхароў у вёсках, а гэта, у сваю чаргу, часта становіцца нагодаю закрыць мясцовы клуб. У выніку населеныя пункты застаюцца без устаноў культуры ўвогуле.
вх