Беларуская Служба

20 гадоў таму памёр Чэслаў Немэн. «Не ўсе зразумелі яго пасыл»

17.01.2024 18:52
20 гадоў таму пайшоў з жыцця вядомы польскі музыка Чэслаў Немэн. Ён паходзіў з Беларусі
Аўдыё
  • Чэслаў Немэн быў супярэчлівай асобай. Адны шанавалі яго за арыгінальнасць і непаўторнасць, іншыя крытыкавалі за эксцэнтрычнасць.
Czesław Niemen na Międzynarodowym Festiwalu Piosenki w Sopocie, czerwiec 1986 roku
Czesław Niemen na Międzynarodowym Festiwalu Piosenki w Sopocie, czerwiec 1986 rokuPAP/Stefan Kraszewski

17 студзеня 2004 г. пайшоў з жыцця вядомы музыка Чэслаў Немэн. Ён быў надзвычай адчувальным чалавекам, інтравертам, які адкрываўся толькі сябрам і калегам. Нарадзіўся 16 лютага 1939 года Чэслаў Юльюш Выджыцкі, які пазней стане вядомым польскім артыстам пад псеўданімам Чэслаў Немэн, у вёсцы Старыя Васілішкі ў Шчучынскім раёне.

«Чэслаў Немэн – вялікі польскі артыст, але тут, у Васілішках, мы лічым яго проста сваім земляком», – распавядаў журналісту Польскага радыё Яраславу Іванюку загадчык клуба-музея Немэна Уладзімір Сянюта.

У інтэрв'ю для Польскага радыё, якое было запісана ў 1999 годзе, Чэслаў Неман распавёў пра ўплыў беларушчыны на яго творчае сталенне:

– Пэўная беларускасць з мяне выходзіць. Відавочна, я не ў якім выпадку не беларус. Праўдападобна, я з тых «каланізатараў», як яны кажуць. Мае продкі там аказаліся недзе ў 15-16 стагоддзі. Аднак, адчувальнасць да прыроды ў мяне менавіта адтуль. Сярод іншага, дары прыроды гэта і спевы, музыка – аўтэнтычныя спевы аўтэнтычных людзей. Яны яе адчувалі, яны не павіны былі яе вучыць. Уласна кажучы, маё захапленне пайшло адтуль.

Беларуская артыстка Паўліна Цімохіна, салістка і стваральніца гурта Paulinn, перастварыла некаторыя песні Немэна па-беларуску.

«Я вывучала музыку, падыход да творчасці, да гучання Немэна. Для свайго часу ён быў супер-супер наватарам, якога не заўсёды маглі зразумець. Але ў выніку ён стаў зоркаю не толькі ў Польшчы, але і ў міжнародным маштабе. Для тых часоў гэта неверагодны поспех. Я вельмі цешуся, што гэты чалавек паходзіць з нашых зямель. І я лічу, вельмі добра, што яго сям’я была вымушаная пераехаць у Польшчу, пачаць жыццё тут, і ён тут працягваў сваю музычную дзейнасць, і стаў зоркаю менавіта ў Польшчы. Бо, мне здаецца, тут людзі былі і ёсць больш падрыхтаваныя да нейкіх эксперыментаў», – разважае Паліна Цімохіна.

Самым пазнавальным сімвалам творчасці Немэна стала песня «Dziwny jest ten Świat», яна зрабіла фурор на фестывалі ў Аполе ў 1967 годзе.

Ён быў адным з нямногіх польскіх спевакоў свайго часу, якія мелі шанец зрабіць сусветную карʼеру. Але не ўдалося, таму што, як ён сцвярджаў, быў занадта «рэгіянальным», хоць і не «нацыянальным». У інтэрвію Польскаму радыё ў 1999 годзе ён казаў, што больш за ўсё яму падабаецца быць там, дзе ён вырас, хоць гэта не заўсёды было лёгка:

«Не ўсё ў культуры – пра культуру. Тое, што ёсць у нашым народзе, нашай краіне некультурнае, я гэта лічу за Божы помысл. Але ведаю, што ёсць і веліч – веліч у гэтай краіне, гэтай мове».

На пытанне аб абсалютнай і бясспрэчнай каштоўнасці для яго ён адказаў – «Творца».

Чэслава Немэна натхняла, сярод іншага, паэзія і філасофія жыцця Цыпрыяна Каміля Нарвіда, згодна з якой трэба шукаць светлы бок рэчаіснасці, імкнуцца пакінуць пасля сябе прыгожы след, нягледзячы на ​​адчуванне ўласнай недасканаласці.

Чэслаў Немэн быў супярэчлівай асобай. Адны шанавалі яго за арыгінальнасць і непаўторнасць, іншыя крытыкавалі за эксцэнтрычнае выкананне песень. Сам артыст казаў, што не любіць падпарадкоўвацца шаблонам і стэрэатыпам.

Чэслаў Немэн памёр 17 студзеня 2004 года ў Варшаўскім анкалагічным цэнтры-інстытуце імя Марыі Складоўскай-Кюры ад раку лімфатычных вузлоў. Творца быў пахаваны на могілках Павонзкі ў Варшаве.

PAP/IAR/Radyjo.net/вх

Экскурсія ў Старыя Васілішкі – на малую радзіму Чэслава Немэна (ФОТА)

19.02.2020 18:39
«Чэслаў Немэн – вялікі польскі артыст, але тут, у Васілішках, мы лічым яго проста сваім земляком».

Спявачка Paulinn: Не ведаю, як павернецца жыццё, таму трэба быць «універсальным салдатам»

23.09.2022 18:30
Паўліна Цімохіна, салістка і стваральніца гурта Paulinn, з'ехала ў Польшчу ў 2020-ым годзе. Гэта было асэнсаванае рашэнне.Спявачка расказала, як складваецца яе жыццё ў Польшчы.