Беларуская Служба

Палякам неабавязкова ехаць у Егіпет, каб паглядзець піраміды

02.02.2024 14:01
Самыя старажытныя польскія піраміды былі пабудаваныя нават на тысячу гадоў раней за знакамітую піраміду Хеопса.
Аўдыё
  • Палякам неабавязкова ехаць у Егіпет, каб паглядзець піраміды
Піраміда ў Ружнове ў Апольскім ваяводствеAutorstwa Sławomir Milejski - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=52511016

Аказваецца, што палякам не трэба ехаць у Егіпет, каб убачыць піраміды. Такімі аб’ектамі можна палюбавацца і ў Польшчы. Цікава, што самыя старажытныя польскія піраміды былі пабудаваныя нават на тысячу гадоў раней за знакамітую піраміду Хеопса. Яны таксама старэйшыя за Стоўнхэндж. Польскія мегалітычныя аб’екты здзіўляюць сваёй цікавай гісторыяй і архітэктурай.

Адна з самых вядомых польскіх пірамід знаходзіцца непадалёк гарадка Крыніца ў гміне Красныстаў на Любліншчыне. Гэтак званая Арыянская вежа, або інакш маўзалей Ажэхоўскіх, была пабудаванага ў канцы XVI і пачатку XVII стагоддзяў. Гэта магіла ўладальніка замка ў Крупэм - Паўла Ажэхоўскага, які, як арыянін, не мог быць пахаваны на каталіцкіх могілках. Таму ён вырашыў пабудаваць сабе арыгінальны маўзалей. Гэта адно з самых таямнічых месцаў на Любліншчыне. Маўзалей пабудаваны паводле матэматычных прынцыпаў, то бок залатога сячэння і паслядоўнасці Фібаначы, гэта значыць, паводле «боскіх прапорцый». Піраміда з’яўляецца самым высокім пірамідальным збудаваннем у Польшчы. З аб’етам звязаныя шматлікія легенды. Напрыклад, мясцовыя жыхары лічаць, што ў будынку схаваны скарб. Аднак таямнічая аўра гэтага месца заўсёды эфектыўна адпужвала рабаўнікоў магіл.

Вельмі цікавую піраміду можна паглядзець у Рапе – вёсцы ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве. Ейная вышыня складае амаль 16 метраў. Аб’ект напрыканцы XVIII і пачатку XIX стагоддзяў пабудаваў уладальнік мясцовага маёнтка барон Фрыдрых фон Фарэнгейд – багаты калекцыянеру твораў мастацтва, вучань вядомага нямецкага філосафа эпохі Асветніцтва Імануіла Канта. Падчас паездкі ў Парыж Фарэнгейд зацікавіўся егіпталогіяй, якая была ў той час вельмі моднай. Барон вырашыў пабудаваць магілу ў 1811 годзе, пасля смерці сваёй трохгадовай дачкі. Падчас Другой сусветнай вайны савецкія войскі спустошылі піраміду і пры нагодзе заўважылі, што целы ў магіле не расклаліся. Згаданы факт стаў падставай адной з легендаў пра аб’ект. Мясцовыя жыхары пераконвалі, што памерлыя, якія спачываюць у пірамідзе, наклалі праклён на навакольныя вёскі, і што з-за іх дохне быдла. Каб адмяніць згаданы паклёп, у 1970-я гады целы былі абезгалоўлены. Таксама лічыцца, што магіла валодае звышнатуральнымі ўласцівасцямі – акумулюе энергію з Зямлі і космасу, а ўнутры яе  фіксуецца парушэнне магнітнага поля. Самае дзіўнае, што хоць піраміда знаходзіцца пасярод густога лесу, вакол яе няма насякомых.

Яшчэ адна магіла па ўзоры піраміды Хеопса ў Гізе была пабудавана ў 1780 годзе ў Ружнове ў Апольскім ваяводстве. Аб’ект спраектаваў знакаміты архітэктар Карл Лангхаўз – аўтар, між іншым, Брандэнбургскіх варот у Берліне. Грабніца была пабудавана як сямейны маўзалей для прускага генерала Аўгуста Фрайгера фон Эбена унд Брунэн. Заўзяты егіптолаг хацеў, каб яго сямʼя была пахаваная, як фараоны.

Наступная польская піраміда, таксама пабудаваная па ўзоры піраміды Хеопса, знаходзіцца ў Загужанах у Малапольшчы. 10-метровы маўзалей сямʼі Скшыньскіх быў пабудаваны ў 1931 годзе. Гэты абʼект крыху вылучаецца сярод іншых польскіх пірамід тыпова каталіцкім сакральным элементам. Гаворка ідзе пра вялікі крыж з левага бокa будынка.

Піраміда ў Мендзыбродзі каля Санока – гэта копіяй піраміды ў Гізе ў маштабе 1:50. Трохметровы аб’ект з блокаў пясчаніка быў пабудаваны ў 1930-я гады. У ім пахаваныя прадстаўнікі родa Кульчыцкіх гербу Сас.

У 1845 годзе была пабудаваная піраміда ў Вангроўцы ў Вялікапольскім ваяводстве. У ёй пахаваны напалеонаўскі капітан Францішак Лакіньскі. Побач з магілай знаходзіцца барочная калона, пад якой (паводле тагачаснай традыцыі) быў пахаваны ягоны конь.

Тым не менш найстарэйшымі ў Польшчы зʼяўляюцца гэтак званыя куяўскія піраміды. Іх можна паглядзець у трох мястэчках каля Ізбіцы Куяўскай у Влоцлаўскім павеце – у Сарнове, Гаі і Ветжыхавіцах. На думку навукоўцаў, найстарэйшaя з іх былa пабудаванaя больш за пяць тысяч гадоў таму, то бок на некалькі сотняў гадоў раней за самыя вядомыя мегалітычныя збудаванні ў свеце – брытанскі Стоўнхэндж. Куяўскія грабніцы раней былі буйнейшымі і вышэйшымі. Камяні, з якіх яны  пабудаваныя, у XIX стагоддзі выкарыстоўваліся мясцовым насельніцтвам у будаўнічых мэтах. Падчас Першай сусветнай вайны іх разбіралі, а атрыманы такім чынам матэрыял выкарыстоўваўся для будаўніцтва дарог. Некаторыя піраміды проста падарвалі дынамітам. Куяўскія піраміды часта называюць таксама магіламі волатаў, паколькі ў старажытнасці меркавалася, што толькі волаты, а не людзі, маглі пабудаваць такія магутныя аб’екты.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Замак Вармінскага капітула ў Ольштыне – адна з найлепш захаваных сярэднявечных крэпасцяў у Польшчы (ФОТА)

26.01.2024 12:01
Пра каштоўнасць аб’екта вырашае, перш за ўсё, ступень захаванасці арыгінальных гістарычных элементаў.