Беларуская Служба

Ураджэнка вёскі Опаль на Палессі папулярызую опальскую мову на ўвесь свет

26.02.2024 12:28
Опальская – гэта мікрамова, якіх на Палессі вельмі шмат, і якія могуць адрознівацца ў залежнасці ад вёскі.
Аўдыё
  • Ураджэнка вёскі Опаль на Палессі папулярызую опальскую мову на ўвесь свет
Воля з Аполяфота з прыватнага архіву Волі

Вёска Опаль на беларускім Палессі (Іванаўскі раён) мае сваю амбасадарку. Воля - Голя з Ополя | Volha Apolka - у сацыяльных сетках папулярызуе гэтую мову, а неўзабаве ў друк выйдзе кніга на опальскай мове, прысвечаная пахавальнай традыцыі гэтага рэгіёну. Гісторыя тым больш незвычайная, што Воля цяпер жыве ў далёкай Новай Зеландыі.

Паводле Вікіпедыі, опальская – гэта мікрамова, якіх на Палессі вельмі шмат, і якія могуць адрознівацца ў залежнасці ад вёскі. Самыя вяскоўцы кажуць пра сваю мову як пра дыялект. Расказвае Воля:

-Гэта мова падобная да ўкраінскай, але гэта не ўкраінская. Гэта не да канца беларуская. Гэта ўвогуле не руская. Гэта мікс, які сфармаваўся на працягу гадоў на пэўнай тэрыторыі. Таму, я думаю, што ў гопільскай мовы, ці ў нейкай іншай мовы з вёсачкі на Палессі ёсць усе правы называцца мікрамовай.

Воля пражыла ў вёсцы 17 год, але надалей цесна захоўвае сувязі з малой Айчынай. Там надалей жыве мама Волі, з якой яна стала камунікуе па-гопільску.

-Я кантактавала ўсё жыццё, звязвала сябе з вёскай, атрымлівала веды нават калі з’ехала, ад мамы, ад бабулі. Як людзі жывуць, ці працягваецца тое, што я памятала. Гэта ўсё жыве ўнутры, ува мне.

Колькасць насельніцтва ў Опалі стала змяншаецца. Воля кажа, што ў сваёй сям’і яна будзе, бадай, апошнім пакаленнем, хто ведае гэтую мову. Таму для яе асабліва важна зафіксаваць опальскую мову ў друкаванай і моўнай формах:

-Напэўна гэта і была адна з мэтаў, чаму я пачала рабіць свой блог, расказваць беларусам, але не толькі, што такая мова ёсць. Я не магу, канешне, размаўляць як мая бабуля, бо яна выкарыстоўвала старадаўнія словы. Я размаўляю на новы манер, выкарыстоўваючы такія словы як інтэрнэт. Мне хочацца, каб мова жыла, мне хочацца яе захоўваць. Хочацца запісаць яе ў відэа, у кніжках. Каб яна ўсё ж такі перадавалася з пакалення ў пакаленне, нават калі рэальных спікераў з кожным годам будзе станавіцца ўсё менш. Калі мы будзем намагацца захаваць частку культуры, вельмі важную для Беларусі, а Палессе – гэта 1/3 усёй Беларусі, унікальнае сваёй мовай, традыцыямі, культурай. Нават калі няма шмат спадзяванняў, што гэтая мова выжыве, усё роўна намагацца захаваць хоць нешта, што мы можам захаваць зараз.


. .

У краўндфандынгу ўжо паявілася кніга на опальскай мове, прысвечаная пахавальнай традыцыі гэтага рэгіёну. Воля кажа, што гэта кніга пра філасофію жыцця і смерці ў палескай вёсцы:

-Кніга ў большасці будзе пра вопыт маёй бабулі. Яны была вельмі цікавай жанчынай у сябе ў вёсцы. Была той жанчынай, якая ведала ўсе пахавальныя традыцыі. Таксама яна была плакальшчыцай на пахаванні. Мая кніга прысвечана яе жыццю, яе важнай ролі. Я там выкарыстоўваю веды, якія мне перадала бабуля. Таксама кніга будзе напоўнена арт-працамі таленавітай сучаснай беларускай мастачкі Машы Мароз.

Кніга ў двухмоўнай версіі – па-опальску і па-ангельску.

Каб паслухаць, як гучыць опальская мова, слухайце далучаны гукавы файл.

ав

Вядучыя «Мовы нанова»: Родная мова, як маці, яна адна

21.02.2024 05:01
21 лютага - Дзень роднай мовы.