Беларуская Служба

Вядучыя «Мовы нанова»: Родная мова, як маці, яна адна

21.02.2024 05:01
21 лютага - Дзень роднай мовы.
Аўдыё
  • Вядучыя «Мовы нанова»: Родная мова, як маці, яна адна
Кацярына Кучук і Алеся КаролікFoto: фота: radyjo.net

Курсам «Мова нанова» споўнілася 10 гадоў. Іх часткай з’яўляецца «Мова нанова з Варшавы». Пасля таго, як курсы ў Беларусі былі ліквідаваныя, вядучыя ў большасці пераехалі за мяжу. Некалькі чалавек апынуліся ў Варшаве і ў 2021 годзе вырашылі зладзіць курсы ў Варшаве.

-Нам не хапала мовы ў замежжы. Сам курс «Мова нанова» захапляе ад пят да галавы, таму мы вырашылі аднавіць курс у Варшаве, – расказвае Алеся Каролік, вядучая варшаўскіх курсаў. У Беларусі Алеся вяла «Мову нанова» ў Маладзечне.

«Мова нанова з Варшавы» адбывалася на працягу 2021 і 2022 году. Пасля курс сышоў у анлайн-прастору. Адначасова адбываліся паасобныя заняткі, напрыклад, «Мова нанова. Графічны дызайн», размоўны клуб «Гутарок».

Зараз адбываецца кароткі курс размоўнай беларускай мовы «Мова без бар’ераў».

-Сутнасць у тым, каб людзі практыкавалі і спрабавалі пераадолець бар’ер. Каб людзі паспрабавалі ўжываць мову не толькі ў штучным асяроддзі, але сярод людзей, якія размаўляюць на іншых мовах. Хочацца практыкі, каб удзельнікі набралі ўпэўненасці ў размове з тымі, хто не размаўляе на мове. Нашая мэта: несці саму мову і даць размоўную практыку не ў ідэальных умовах, – расказвае Кацярына Кучук, вядучая варшаўскай «Мовы».

-Мы набралі людзей без рэгістрацыі. Гэта будзе сталая група. Трэба разумець, мы не імкнемся да чыстай ідэальнай беларускай мовы. Мы імкнемся да таго, каб людзі пачалі з сябе выцягваць нават па слову, паколькі ёсць удзельнікі, якія размаўляюць толькі па-руску. Мы нават за трасянку. Калі будзе трасянка – вітаем з трасянкай, – дадае Алеся.

Вядучая кажа, што на заняткі прыходзяць вельмі розныя людзі. Гэта і беларусы, якія жывуць у Варшаве даўно, гэта толькі прыехаўшыя, гэта таксама не беларусы.

-Літаральна з апошняга, што мяне вельмі кранула. Былі дзве дзяўчыны, у якіх польская мова настолькі валадарыць над размоўнай часткай, але яны сябе пераадольваюць, праз польскія словы намагаюцца ўставіць беларускія. Натхніла жанчына, цалкам рускамоўная. Яны прыйшла і сказала, што для яе гэта пратэст. Для мяне гэта такое вяртанне ў 2020 год, калі ўсе паўсталі з надзея на перамены, – расказвае Алеся Каролік.

-Мяне ўражваюць замежнікі, якія размаўляюць на беларускай мове. Апошнім часам прыйшоў беларускамоўны англічанін. Прыходзяць палякі, якія гавораць па-беларуску. Нядаўна прыйшоў украінец, які выдатна гаворыць, нават было немагчыма паверыць, што ён не беларус, - распавядае Кацярына.

Курсу беларускай мовы 10 гадоў. Гэта адначасова і радасна, і сумна, кажуць вядучыя.

-Жывучы ў Беларусі моўнае пытанне існавала, не будзем казаць, што толькі ў замежжы нам не хапае мовы. Там нам яе таксама не хапала. Я лічу, што там, дзе ёсць беларусы, важна мову падтрымліваць, развіваць, удасканальваць. Ніхто не ведае, што будзе далей, але павінен быць патэнцыял. Невядома, калі будуць змены, але трэба мець насенне, якое прарасце і дасць шанец жыць далей мове, культуры, а значыць і беларусам, – гаворыць Кацярына.

-Па-першае, гэта анамалія, калі ў краіне патрэбныя курсы, каб людзі вывучалі родную мову. Але ў нас такі кейс, нічога не зробіш. Напэўна, калі б была іншая сітуацыя, «Мова нанова» жыла б у Беларусі, а курсаў было б больш і больш. Да ініцыятывы далучылася больш за 20 гарадоў. Гэта была арганізацыя, нават ужо не ініцыятыва. Яе маштабы ўражвалі. Курсы – гэта ж не толькі мова. Гэта вялікая асветніцкая праца. Гэта знаёмства з беларускай культурай – гістарычнай і, што важна, сучаснай. Дзякуючы курсу людзі знаёмяцца з сучаснымі пісьменнікамі, ведаюць, што ёсць Хадановіч. Сумна, што мы зараз за межамі, але важна працягваць рабіць справу, каб мова не сыходзіла з павесткі. Мы бачым хвалі папулярнасці беларускай мовы, развіваюцца сацыяльныя сеткі, але сярод людзей, я б не сказала, што ўсе перайшлі на беларускую мову. Не. Мы яшчэ ідзем гэтым шляхам. Ён доўгі, але трэба рабіць хоць нешта, – перакананая Алеся і працягвае:

-Я чакаю моманту, калі беларускую мову здымуць з экспанатнай паліцы ў музеі. Перастануць рабіць з яе ідэал, а пачнуць выкарыстоўваць як сродак камунікацыі. Таму я кожнаму зычу зразумець у сабе гэты момант, прайсці гэты шлях. Вельмі добра, што мы ведаем рускую мову, іншыя мовы. Але вельмі хочацца, каб у жыцці мы ўжывалі беларускую. Нават калі гэта будзе трасянка.

-Ужыванне мовы вельмі важнае. Гэта лад жыцця. Мова цягне за сабой цэлы культурны пласт. Гэта самаідэнтыфікацыя, гэта карані. Лёс нашай краіны, на жаль, такі. Мы не проста так не размаўляем усе на роднай мове. Быў гістарычны момант дыскрымінацыі, знішчэння, барацьбы. Можна ведаць і ўжываць шмат моваў. Але мова як маці. Ёсць няня, ёсць прыёмная маці, але родная маці яна адна. Родная мова таксама адна, - канстатуе Кацярына.

Поўнуб размову слухайце ў далучаным гукавым файле

ав


Курсы «Мова нанова з Варшавы» запрашаюць на беларускую дыктоўку

19.02.2024 10:10
Тэкст дыктоўкі будзе прысвечаны 100-годдзю Васіля Быкава.