Беларуская Служба

Чалавек, які не паводзіў сябе, як багацей, заплаціў за кабылу рэкордную суму – галоўны конегадовец Янаўскага конезавода

09.08.2024 13:00
Пра феномен коней арабскай пароды з Польшчы і прэстыжны аўкцыён Pride of Poland, расказвае галоўны конегадовец з Янава Падляскага Вераніка Сасноўска.
Аўдыё
  • Дні каня арабскай пароды ў Янаве Падляскім
Дні каня арабскай пароды ў Янаве Падляскім skjanow.pl

У Янаве Падляскім паказваюць найпрыгажэйшыя коні з дзяржаўных і прыватных конезаводаў у Польшчы. 9-11 жніўня тут праходзяць Дні каня арабскай пароды, у рамках якіх адбываюцца, між іншым, 46-я Нацыянальная выстава чыстакроўных арабскіх коней, а таксама 55-ы аўкцыён Pride of Poland, у якім прымаюць удзел пакупнікі з усяго свету, у тым ліку з краін Блізкага Усходу, Еўропы, ЗША і Кітая.

Цягам трох бліжэйшых дзён у Янаве Падляскім адбываецца сапраўднае свята каня арабскай пароды, запэўнівае ў размове нашай рэдакцыяй галоўны коневод Янаўскага конезавода Вераніка Сасноўска(Weronika Sosnowska).

Першыя два дні – гэта „класы пад сядлом” для жарабцоў і кабылаў – інакш дэманстрацыя майстэрства каня ў выездцы:

- Падчас іх вершнікі будуць даказваць, што коні арабскай пароды створаныя для выездкі і лепшай расы для верхавой язды няма. У нядзелю сярод пераможцаў паасобных катэгорый будуць вылучаныя сёлетнія Чэмпіёны Польшчы.

У паказе прыме ўдзел сто коней, якіх ацэньвае міжнароднае журы ў розных узроставых катэгорыях. Журы ацэньвае пяць прыкмет каня, якія адносяцца да тыпу арабскай пароды, а таксама ягоны рух.

У сваю чаргу ў нядзелю ўвечары адбудзецца аўкцыён Pride of Poland, удзельнікі якога будуць купляць з таргоў 18 коней дзяржаўнай і прыватнай гадоўлі. У панядзелак адбудзецца другі аўкцыён Summer Sale і паказ коней.

- За тытул Чэмпіёна Польшчы змагаюцца коні з найлепшых польскіх конезаводаў, як дзяржаўных, так і прыватных. Тое ж самае тычыцца аўкцыёнаў. У спісах продажаў на аўкцыёнах знаходзяцца коні як з дзяржаўных, так і прыватных конезаводаў.

Адбор коней на аўкцыён – гэта сур’ёзная справа, паясняе галоўны коневод з Янава:

- Гэта вялікая дылема для коневода. Трэба знайсці кампраміс. З аднаго боку, гэта павінен быць якасны конь, а з другога, ягоны продаж не можа знясіліць генафонду ў статку і парушыць працэсаў размнажэння. Таму сёлетні спіс продажаў конезавода ў Янаве Падляскім  - добра прадуманы, а коні падабраныя вельмі разумна.

Аўкцыён коней арабскай пароды ў Янаве Падляскім арганізоўваецца з 1969 года. За гэты час ён стаў вядомым ва ўсім свеце. Штогод у ім удзельнічаюць пакупнікі з усіх куткоў свету. Коні з Польшчы прадаюцца, між іншым, на Блізкі Усход, у Аўстралію, у ЗША. Таксама еўрапейскія коневоды купляюць чыстакроўныя коні ў Польшчы, каб падмацаваць свае статкі:

- Агулам польскі тып каня арабскай пароды карыстаецца папулярнасцю – ён вельмі пажаданы. Польскія кабылы лічацца вельмі каштоўнымі. Шматлікія найбуйнейшыя конезаводы ў свеце базуюцца на купленых у Польшчы кабылах. Паводле мяне найбольшым козырам польскай конегадоўлі з’яўляецца вялікая прывязанасць да традыцыі. Няма другой такой конегадоўлі ў свеце, якая настолькі клапацілася б пра працяг жаночых і мужчынскіх сем'яў. Гэта прычына ўнікальнасці польскай конегадоўлі на фоне сусветных. Гэта адна справа. Другая, гэта карыснасць каня. Нават нашыя найбольшыя чэмпіёны з найбольш прэстыжнымі тытуламі вучыліся працаваць пад сядлом і на іпадроме.

Чыстакроўныя арабскія коні лічацца надзвычай моцнымі, таму яны добра працуюць на кароткіх і хуткіх дыстанцыях. Яны вельмі энергічныя. Тым не менш, зараз іх гадуюць, перш за ўсё з-за выключнай прыгажосці і знешняга выгляду, кажа Вераніка Сасноўска:

- Зараз, агулам коней арабскай пароды гадуюць для іхнай несумненнай прыгажосці – гэта асноўны крытэрый. Польскія коні таксама праходзяць тэст на іпадроме. У сваю чаргу коні, якія прадаюцца на нашым аўкцыёне будуць нараджаць жарабят у новых конезаводах або значная частка з іх будзе надалей удзельнічаць у чэмпіянатах.

Калі гаворка ідзе пра сёлетні аўкцыён, то, паводле галоўнага коневода Янаўскага конезавода, лідарам з’яўляецца кабыла Абэлія(Abellia):

- Калі гаворка ідзе пра янаўскі спіс, то паводле нас, пакупнікі ацэняць адпаведным чынам кабылу Абэлія. Гэта леташняя двайная залатая прызёрка Нацыянальных чэмпіянатаў у Тарнаве і Янаве Падляскім. Яна таксама заваявала бронзавы медаль у Празе ў паказе European Cup. Гэта прыгожая маладая, трохгадовая кабыла, якая ў будучым годзе зможа ўпершыню нараджаць. Гэта моцная пазіцыя ў нашым спісе. Цікавым канём з’яўляецца таксама ейная старэйшая каляжанка - Аляксандра (Alexandra). Яна раней не паказвалася, паколькі гэта конь, які доўга сталее. Усё ж яна настолькі элегантная і прыгожая, што, мы спадзяемся, таксама будзе станоўча ацэненая.

Нагадваем, да гэтай пары найдаражэйшым канём у гісторыі аўкцыёну Pride of Poland у Янаве Падляскім з’яўляецца кабыла Пепіта (Pepita). У 2015 годзе пакупнік са Швейцарыі заплаціў за гэтую 10-гадовую, сівую кабылу 1,4 мільёна еўра. Дарэчы сама пакупка аказалася нечаканай не толькі з-за сумы, успамінае Вераніка Сасноўска:

- Самым вялікім сюрпрызам для ўсіх быў аўкцыён з 2015 года, падчас якога кабыла Пэпіта была купленая за рэкордную суму 1,4 мільёна еўра. Самае цікавае, што асоба, якая яе купіла нават не сядзела ў VIP-сектары, а недзе побач. Гэта для нас было нечаканым, што раптам яна пачала рабіць настолькі сур’ёзныя стаўкі. Мы сачылі за гэтым з недаверам.

Галоўны коневод Янаўскага конезавода Вераніка Сасноўска(Weronika Sosnowska), запрашае гасцей на Дні арабскага каня ў Янаве Падляскім, якія суправаджаюць шматлікія дадатковыя мерапрыемствы.

Яна таксама нагадвае, што Янаўскі конезавод адкрыты для турыстаў штодзённа. Аб’ект, распаложаны ў прыгожым парку, можна наведваць з гідам, які цікава наблізіць нам гісторыю коневодства ў Польшчы і самога гістарычнага конезавода у Янаве. Можна дамовіцца на паказ коней і пабачыць іх у руху, даведацца пра іхны радавод і дасягненні. Можна таксама дамовіцца на прагулку ў брычцы і ўрокі верхавой язды.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Запрашаем на Падляскае свята хлеба ў Цехановец (ФОТА)

05.07.2024 11:01
Імпрэза займае важнае месца ў календары рэгіянальных культурных падзеяў і прыцягвае дзясяткі тысяч турыстаў з усяе Польшчы.

Запрашаем у паход «500 байдарак» у Драгічын (ВІДЭА)

19.07.2024 13:01
Штогод у жніўні Драгічын становіцца сталіцай байдарачнага спорту ў Польшчы.