26 лістапада ў Гданьску ўручаць Прэмію імя Ежы Гедройця. Гэта важнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове. У 13-ты раз журы Прэміі імя Гедройця вызначыць тры найлепшыя кнігі. У шорт-ліст увайшлі шэсць твораў, пра якія згадвае Таццяна Нядбай, старшыня аб’яднання “Беларускі ПЭН” - аднаго з арганізатараў падзеі.
- Сярод фіналістаў і фіналістак 13-га сезона ёсць кнігі як аўтараў з Беларусі, так і аўтараў, якія выехалі, пераважна па прычынах бяспекі. Кніга Валянціна Акудовіча “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым”, кніга Змітра Бартосіка “Забіць упалмінзага”, Евы Вайтоўскай “Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая”, “На прызбе ў Сілічах” Марыі Вайцяшонак, “Вольнеры. Прадвесце” Валеры Гапеева і Ганны Янкуты “Час пустазелля”.
У апошнія гады новых беларускіх твораў стала значна менш, паколькі пасля 2020 года беларуская літаратура трапіла ў абсалютна экстрэмальны стан. Адбываецца сур’ёзная трансфармацыя, якую адзін з членаў журы параўнаў са зменамі канца 80-ых - пачатку 90-ых гадоў. Аўтарам і выдавецтвам неабходна асвоіцца з новымі ўмовамі жыцця і дзейнасці, - кажа загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай прафесар Сяргей Кавалёў.
- За мяжу выязджаюць аўтары і цэлыя выдавецтвы. Стала менш саміх твораў – у 2019 нам давялося чытаць і ацэньваць блізу 50 тэкстаў, а ў мінулым – 16. Патрэбны час, каб выдавецтвы наладзілі працу ў Польшчы Чэхіі, Германіі, каб аўтары прыстасаваліся да новых умоў. Проза найпазней рэагуе на сучаснасць, прасцей і хутчэй напісаць верш ці кароткую п’есу. А празаіку патрэбны пэўны час, каб пераасэнсаваць падзеі. У апошнія гады дамінуе дакументальная літаратура, эсэістыка, менш мастацкіх твораў, але паяўляюцца, прычым, для рознага ўзросту – і моладзі, і падлеткаў, і студэнтаў. Ёсць і аўтары, якія ўвайшлі ўжо ў гісторыю беларускай літаратуры, а ёсць і маладыя, якія дэбютуюць. Некаторыя кнігі напісаныя пад псеўданімам – зразумела, чаму. Пішуць, між іншым, пра нашу гісторыю, скажам, “Забіць упалмінзага” – пра гісторыю 20-га стагоддзя ў Беларусі - паўстанні, супраціўленне ў непрыманні калгаснага ладу.
Літаратуразнаўца, ад'юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска адзначае, што чырвонай ніткай праз творы беларускай літаратуры праходзіць мяжа прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якая аказала лёсавырашальны ўплыў на сотні тысяч беларусаў. У многіх кнігах паказаныя гэтыя падзеі з пункту гледжання адзінкі, а не соцыюму.
- 2020 год, прэзідэнцкія выбары, эміграцыя, пазней вайна ва Украіне – гэта тыя падзеі, якія будуць мяняць беларускую літаратуру, будуць уплываць на яе. І гэта досвед аднаго чалавека, а не агульнае. Ганна Янкута апісала гэтыя складаныя падзеі 20-га года, уплыў палітычных здарэнняў на палітычнае жыццё адзінкі.
Паралельна з уручэннем прэміі, у Гданьску адбудзецца шмат суправаджальных мерапрыемстваў на працягу некалькіх дзён. У прыватнасці, будзе абмеркаванне палітычных падзей у Беларусі, якія апісваюцца ў некаторых творах, намінаваных на прэмію, - падкрэслівае Таццяна Нядбай.
- Гэта дыскусіі, сустрэчы з аўтарамі, сумесныя чытанні. Падчас дыскусіі “Канфіскаваныя галасы, страчаная свабода і раздзеленыя сем’і” пагаворым пра тое, якім чынам супраціўляемся прымусовай русіфікацыі, якім чынам перажываем праблемы рэпрэсаваных грамадзян, пра палітвязняў, іх сем’і, якія падзеленыя трагічнымі падзеямі.
Сёлета ў поўным спісе прэтэндэнтаў на прэмію было 14 кніг. Галоўныя мэты прэміі - вызначэнне найлепшых празаічных кніг на беларускай мове, ушанаванне памяці Ежы Гедройця – публіцыста, палітыка, паслядоўнага прыхільніка добрасуседскіх адносін паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай, падтрымка беларускіх пісьменнікаў, спрыянне польска-беларускім адносінам у галіне культуры.
Арганізатарамі конкурсу Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця з’яўляюцца Аб’яднанне «Беларускі ПЭН», Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў», пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытута ў Мінску.
нг