Беларуская Служба

Народная творчасць у калядным стылі – запрашаем у Музей радамскай вёскі

27.12.2024 16:01
Запрашаем усіх аматараў традыцыі і народнай творчасці на выставу, якая спалучае магію Калядаў і прыгажосць народнай творчасці.
Аўдыё
  • Выстава «Радамская батлейка» ў Музеі радамскай вёскі
Выстава «Радамская батлейка» ў Музеі радамскай вёскі www.facebook.com/muzeumwsiradom

Сёння запрашаем у Музей радамскай вёскі на ўнікальную калядную выставу пад назвай: «Радамская батлейка». Гэта выдатная магчымасць адчуць непаўторную атмасферу Калядаў і пазнаёміцца ​​з традыцыямі і народнай творчасцю Радамшчыны.

Выстава «Радамская батлейка» — гэта вынік працы непрафесійных мастакоў з Радамшчыны, якія паказваюць свае работы ў галіне скульптуры, керамікі і лазапляцення. Сёлета мастацкі праект быў узбагачаны жанравымі сцэнамі, якія адлюстроўваюць паўсядзённае жыццё ў вёсцы, тлумачыць этнолаг з Музея радамскай вёскі Аляксандра Жытніцка(Aleksandra Żytnicka):  

- Выстава «Радамская батлейка» адкрылася 13 снежня і гэта даволі незвычайная батлейка, таму што акрамя класічных калядных герояў, якія нармальна сустракаюцца ў батлейцы, я маю на ўвазе святую сям’ю, анёлаў, канешне ж трох каралёў, пастухоў, жывёлу - нашая батлейка папоўніўся сцэнкамі са штодзённага вясковага жыцця. Напрыклад, ёсць скульптуры, якія адлюстроўваюць малацьбу цапамі, фігуры сейбіта або аратага за плугам, фермера, які косіць збожжа. Праект у некаторай ступені навязвае да традыцыі вядомай бернардынскай батлейкі ў Кракаве, героі якой не абмяжоўваліся Евангеллем. Бернардынская батлейка пашыралася на  калядныя сцэны, уключаючы элементы штодзённага жыцця. Менавіта ў нашым музеі ўзнікла ідэя зрабіць батлейку па гэтым узоры.

Выстава «Радамская батлейка» – гэта вынік працы непрафесійных мастакоў з Радамшчыны - прадстаўнікоў розных галінаў народнай творчасці. Батлейка вылучаецца прастатой выканання, народным характарам. Яна ўнікальная дзякуючы адметнасці стылю работ паасобных мастакоў:

- Няма нейкага асобнага віду радамскай батлейкі. Такую назву мы прыдумалі якраз для патрэб гэтай выставы, каб яна неяк вылучалася; каб пазначыць, што гэта не тыповая батлейка з класічнымі персанажамі, але што ў ёй ёсць нешта іншае - мясцовае.

Калі казаць пра нейкія агульныя, рэгіянальныя рысы батлейкі, якая прэзентуецца ў Музеі радамскай вёскі, то гэта напэўна паходжанне народных мастакоў:

- Яе (батлейкі – рэд.) адметнасць заключаецца ў тым, што яе складаюць творы – элементы выкананыя рознымі мастакамі з Радамшчыны. Гэта іхны супольны твор. Дарэчы, такая была ідэя праекта - аб’яднаць рэгіянальных народных мастакоў; каб яны таксама маглі пазнаёміцца са сваімі работамі.  

 Мастакі рабілі свае творы, скажам так, на заказ, то бок ведаючы, што яны будуць паказаныя ў рамках адной выставы - батлейкі. Аднак падчас працы  яны павінны былі ствараць свае работы не адыходзячы ад народнага стылю; у ніякім разе не пераймаць манеры прафесійных артыстаў.

Упершыню выстава «Радамская батлейка» была паказаная ў Музеі радамскай вёскі летась, кажа Аляксандра Жытніцка:

- «Радамская батлейка» ўпершыню была паказаная ў мінулым годзе. Тады мы абмежаваліся традыцыйнымі элементамі, як святая сям’я, анёлы, пастухі, жывёла і іг.д. Фігуры былі выкананы з дрэва трыма народнымі майстрамі. Кожны майстар працаваў у сваім адметным стылі. Мы пайшлі на такі кампраміс, бо мы не хацелі прымушаць іх капіраваў чужы стыль -  мы хацелі, каб кожны скульптар, скажам так, выразаўся па-свойму.

Сёлета аўтары праекта вырашылі пашырыць яго на творы прадстаўнікоў іншых відаў народнай творчасці, напрыклад, на кераміку ці лазапляценне:

- Мы прадставілі працы трох мастакоў, якія займаюцца керамікай. Радаслаў Коняж з ​​Мальцоўкі стварыў сцэну абмалоту цапамі і сцэну смерці. Яраслаў Родак з Рэндоціна, стварыў тры работы: Закаханая пара, Жанчына з калаўротам і Жанчына з калыскай. Томаш Скіба, у сваю чаргу, зрабіў сцэну вайны і ворыва. Скульптар Анджэй Славіньскі выразаў жняю, Яцэк Пажычка - сейбітаў, а Януш Астроўскі - танцавальныя пары і аркестр. У сваю чаргу Гжэгаж Гордак і Веслаў Голуй зрабілі плеценыя шырмы для выставы. Акрамя таго, супрацоўнікі музея Эва Кубрыхт і Юстына Завіша зрабілі анёлаў і зоркі з саломы. Кінга Шэўчык зрабіла анёла з гліны, а Гжэгаж Вайтысяк - канюшню. І яшчэ адзін акцэнт – пастар Катажына Руткоўская зрабіла адвэнтавы вяночак.

Выстава ў Музеі радамскай вёскі паказвае, што традыцыя каляднай батлейкі надалей жывая ў Польшчы, пераконвае Аляксандра Жытніцка:

- Я думаю, што яна жывая па ўсёй краіне і ў парафіях дагэтуль ставяцца батлейкі. Раней я згадала пра бернардынцаў у Кракаве, але ў Радаме таксама ёсць бернардынцы і ў іх таксама ёсць свая батлейка. Так што, я думаю - гэта жывая традыцыя. Хоць, калі казаць пра традыцыю батлейкі ў народзе, то яна мела крыху іншы характар. А менавіта, у нейкі момант вяскоўцы пачалі будаваць такія батлейкі з кардону і дрэва з малюсенькімі фігуркамі – нешта накшталт лялечнага тэатра. Адной з формаў калядавання быў паход з батлейкай па хатах і выконванне калядных пастановак. Падчас згаданага паходу спяваліся калядныя песні, а калядоўшчыкаў гаспадары ўзнагароджвалі нейкімі ахвяраваннямі - такая была традыцыя ў народзе. Незалежна ад гэтага працягвалася традыцыя батлейкі ў касцёле, гэты звычай увялі францішкане, але гэта было нешта зусім іншае.

- расказвала этнолаг з Музея радамскай вёскі Аляксандра Жытніцка.



Выставу «Радамская батлейка» можна паглядзець у гістарычным касцёле св. Дароты на тэрыторыі Музея радамскай вёскі толькі да 26 студзеня 2025 года. Аўтары праекта абяцаюць, што ён будзе цыклічнай падзеяй і з кожным годам элементаў і фігураў на выставе будзе ўсё больш.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Чаму археолагі пяшчотна называюць сярэднявечныя туалеты «археалагічнымі скарбонкамі»? (ФОТА)

13.12.2024 17:45
Адказ на гэтае пытанне мы будзем шукаць у Археалагічна-гістарычным музеі ў Эльблёнгу.

Рэтраверсія — спрэчны метад рэканструкцыі, які выдатна спрацаваў у Эльблёнгу (ФОТА)

20.12.2024 18:01
Рэтраверсія — важны метад рэканструкцыі гарадоў, калі ёсць жаданне захаваць гістарычную спадчыну, адначасова не адракаючыся ад сучасных стандартаў жыцця.