Сёлета Дзень Волі праходзіць у складаных умовах для беларусаў: краіна задаўленая рэпрэсіямі, людзі вымушаныя з'язджаць з Радзімы. Аднак беларусы працягваюць святкаваць дзень абвяшчэння сваёй першай незалежнай дзяржавы. Адкрыта і ўрачыстая яны гэта робяць за мяжой. Адна з такіх урачыстасцяў адбылася ў Варшаве ў супрацы з міністэрствам замежных спраў Польшчы.
Урачысты канцэрт на «Дзень Волі», арганізаваны Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча і Аб'яднаным пераходным кабінетам Беларусі
У польскай сталіцы прайшло ўрачыстае мерапрыемства ў рамках святкавання Дня беларускай незалежнасці, або «Дня Волі», арганізаванае Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча і Аб'яднаным пераходным кабінетам Беларусі.
У адкрыцці цырымоніі ўзялі ўдзел намесніца дзяржаўнага сакратара Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча Анна Радван-Рорэншэф і намеснік старшыні Аб'яднанага часовага кабінета міністраў Беларусі Павал Латушка.
Намеснік дзяржаўнага сакратара МЗС Польшчы Анна Радван-Рорэншэф падчас канцэрту з нагоды Дня Волі ва Універсітэце імя Фрэдэрыка Шапэна ў Варшаве
Польская дыпламатка Анна Радван падкрэсліла, што ў Польшчы захапляюцца рашучасцю беларусаў, якія адстойваюць сваю незалежнасць ды тоеснасць.
— Дарагія беларускія сябры, сёння мы святкуем «Дзень Волі» разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінету міністраў Беларусі і незалежнымі коламі. Я рада, што вы вырашылі правесці гэты вечар з намі. Мы захапляемся рашучасцю і мужнасцю тых, хто прысвяціў сябе змаганню за беларускую справу. Брава для ўсіх, хто змагаецца за тое, каб Беларусь калісьці магла свабодна святкаваць сваю незалежнасць.
Намеснік старшыні Аб'яднанага часовага кабінета міністраў Беларусі Павал Латушка ў сваім выступе зазначыў, што ў Беларусі ў гэтыя дні таксама гучаць словы «Жыве Беларусь».
— Няма сумневу, што цяпер беларусу ў Беларусі, нягледзячы на рэпрэсіі, таксама адзначаюць дзень Волі ў сваіх дамах ,у коле сяброў і родных. Я ўпэўнены, што сёння ў Беларусі гучаць словы “Жыве Беларусь”. Іх не заглушаць ані судовыя прысуды, ані турмы, ані пагрозы. Голас нашай волі гучыць і будзе гучаць у Беларусі ды эміграцыі.
Намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка
Палітык дадаў, што цяпер за мяжой адбываюцца важныя працэсы ўмацавання беларускай тоеснасці.
— Беларусы ў замежжы – гэта не проста людзі вымушаныя пакінуць сваю радзіму. Мы важная частка дэмакратычнага руху, які змагаецца за свабоду Беларусі. Рэжым баіцца нас нават тут. Лукашэнкаўская прапаганда пагардліва называе нас “беглымі”, але чаму яны нас баяцца і спрабуюць рэпрэсаваць нават за мяжой. Таму што яны ведаюць, што эміграцыя можа адыграць важную ролю ў адраджэнні дзяржавы. Мы працягваем нашу барацьбу, будуем структуры грамадзянскай супольнасці, ствараем незалежныя медыі, культурніцкія ініцыятывы ды праекты. Мы будуем палітычныя інстытуты – нашу дэмакратычную альтэрнатыву рэжыму.
Урачыстасць завяршылася выступам беларуска-украінскага незалежнага хору «Спевы з-пад мосту». Гэта сапраўдны прафесійны хор, які вырас з аматарскай ініцыятывы беларускіх ды ўкраінскіх жанчын.
Канцэрт з нагоды Дня Волі ў Варшаўскім універсітэце музыкі імя Фрыдэрыка Шапэна
Пасля канцэрту прысутныя выказалі меркаванне, што з такімі адданымі людзьмі Беларусь абавязкова будзе мець лепшую будучыню, бо з такімі галасамі і з такімі мужнымі жанчынамі краіна ніколі не загіне.
Юры Ліхтаровіч