Беларуская Служба

У Варшаве ўручылі ўзнагароды лаўрэатам Конкурсу «Цяпер Польшча»

10.06.2020 14:02
Журы выбрала 16 прадуктаў, 9 паслуг і адно інавацыйнае рашэнне.
Аўдыё
Уручэнне ўзнагарод лаўрэатамфота: PAP/Andrzej Lange

У аўторак адбылося ўручэнне ўзнагарод лаўрэатам юбілейнага, 30-га выдання Конкурсу «Цяпер Польшча». Галоўная мэта конкурсу – паказаць і ўзнагародзіць высакаякасныя польскія тавары, якія не саступаюць замежнай канкурэнцыі.

Калі 30 гадоў таму ў Польшчы адраджаўся капіталізм і свабодны рынак, палякі, дзякуючы адкрыццю межаў, маглі шырока пазнаёміцца з замежнай прадукцыяй. Тады лічылася, што імпартныя тавары лепшай якасці, а польскія фірмы былі неэфектыўныя, ім не хапала добрых менеджараў і якасных матэрыялаў, таму польская вытворчасць не вытрымлівала спаборніцтва з замежнай.

Тады менавіта паявілася ініцыятыва Польскай праграмы прасоўвання і польскага таварнага знаку. Ідэяй праграмы было прасоўванне польскіх прадпрыемстваў і падтрымка іх у галіне маркетынгу на ўсё больш разнародным і канкурэнтным рынку. За 30 гадоў існавання конкурсу яго лаўрэатамі сталі сотні фірмаў – як гіганты прамысловасці, так і малыя, сямейныя кампаніі. Іх яднае адно – высокая якасць прапанаваных тавараў і паслуг.

У аўторак у Прэзідэнцкім палацы адбылася ўрачыстасць уручэння ўзнагарод сёлетнім лаўрэатам конкурсу. У ёй прыняла ўдзел першая лэдзі Агата Карнхаўзер-Дуда. Журы выбрала 16 прадуктаў, 9 паслуг і адно інавацыйнае рашэнне. Узнагароджаныя былі, у прыватнасці, прадстаўнікі будаўнічай, касметычнай, фармацэўтычнай ды харчовай прамысловасці. Упершыню ў гісторыі конкурсу ўзнагарода была ўручана фірме, якая прапануе паслугі ў сферы ўзнаўляльнай энергіі.

Старшыня журы конкурсу «Цяпер Польшча» праф. Міхал Кляйбэр (Michał Kleiber) адзначыў, што тры чацвёртыя спажыўцоў у Польшчы ведае знак «Цяпер Польшча», якім могуць карыстацца лаўрэаты, і лічыць яго сімвалам самай высокай якасці тавараў. Цяпер, у цяжкія часы выхаду з пандэміі каранавіруснай інфекцыі, тым больш важна падтрымліваць польскіх прадпрымальнікаў.

- Мы павінны рабіць гэта пры дапамозе спецыяльных дзяржаўных праграмаў падтрымкі, але таксама праз прасоўванне высокай якасці тавараў і паслуг, каб кліенты пераканаліся, што варта іх купляць. Нашы выдатныя лаўрэаты прадстаўляць вялізны эканамічны патэнцыял. Гэта дае нам абгрунтаваную надзею, што дзякуючы польскім прадпрымальнікам польская эканоміка хутка вернецца на правільны шлях развіцця.

Ад імя лаўрэатаў выступіў Кшыштаф Дамарэцкі (Krzysztof Domarecki), старшыня праўлення кампаніі Selena FM S.A., вытворцы будаўнічай хіміі. Ён казаў, што некаторыя краіны на свеце лепш спраўляюцца з крызісам, выкліканым пандэміяй, іншыя – горш, чым наша частка Еўропы. Выступоўца разважаў, чаго не хапае еўрапейскім дэмакратыям у барацьбе з пандэміяй. Паводле ягоных словаў, умовай поспеху з’яўляецца маніторынг кантактаў паміж людзьмі, а таксама масавае тэставанне. Ён пажадаў членам журы, каб праз год яны ўзнагародзілі тыя фірмы, якія дапамогуць рэалізаваць наступны сцэнар:

- Па-першае, урад прымае заканадаўства, якое дазваляе сачыць за кантактамі паміж людзьмі. У сваю чаргу арганізацыі трэцяга сектару, а ён у нас моцны, назіраюць за тым, каб гэтыя законы выкарыстоўваліся толькі ў шляхетных мэтах. Па-другое, апазіцыя кажа: так, гэта для агульнага дабра, мы не будзем перашкаджаць. Па-трэцяе, грамадзяне таксама кажуць: гэта для агульнага дабра, мы сябе будзем адчуваць у бяспецы. І па-чацвёртае, фінансавыя сродкі ідуць на масавае тэставанне, а не толькі на рэанімацыю эканомікі.

Паводле прагнозаў Еўрапейскай камісіі, Польшча адносна хутка і без вялікіх стратаў справіцца з крызісам, выкліканым пандэміяй. Пра гэта ўзгадаў у сваім лісце да ўдзельнікаў урачыстасці прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён падкрэсліў, што апошнія падзеі на свеце значна паўплываюць як на польскую, так і на глабальную эканоміку, але польская эканоміка мае шмат козыраў, якія яе ахоўваюць і пабуджаюць развіццё. Пры гэтым, дадаў галава дзяржавы, перад польскімі кампаніямі паявіўся выдатны шанец, паколькі ў выніку пандэміі могуць адбыцца вялізныя змены ў глабальных працэсах вытворчасці. Ліст прэзідэнта прачытала ягоная жонка Агата Карнхаўзер-Дуда (Agata Kornhauser-Duda).

- Многія вытворчыя кампаніі, а таксама даследчыя цэнтры ў такіх галінах, як фармацэўтыка, аўтамабільная прамысловасць ці тэхналагічная сфера, будуць перанесеныя ў краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у тым ліку ў Польшчу. Мы імкнемся ўзмацніць гэты працэс таксама айчыннымі інвестыцыямі, якія прыцягнуць міжнародны гандаль і замацуюць нашу пазіцыю на свеце. Я маю на ўвазе будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порту, каналу праз Балтыйскую касу і развіццё партоў у Гданьску і Гдыні.

Анджэй Дуда павіншаваў у сваім лісце лаўрэатаў Конкурсу «Цяпер Польшча» і нагадаў, што дзякуючы такім кампаніям у дзяржаве назіраецца высокі і стабільны эканамічны рост.

ІАР ПР/нг

слухайце аўдыё