За першыя восем месяцаў 2020 года ў польскім банкаўскім сектары знікла 5,6 тысяч працоўных месцаў. У цяперашні час банкі даюць працу 151,3 тысяч чалавек, пішуць на партале money.pl. Гэты кластар будзе пастаянна скарачацца, і за гэта адказвае не толькі каранавірус, які прымусіў кожную кампанію, а не толькі банкі, ашчаджаць. Да скарачэння колькасці працаўнікоў банкаўскага сектару ў Польшчы таксама спрычыніўся вельмі хуткі пераход кліентаў у Інтэрнэт. Яшчэ 10 гадоў таму ў банках працавала на 26 тысяч чалавек больш чым цяпер.
Планы скараціць колькасць працоўных месцаў не хавае банк з іспанскім капіталам Santander. Банк паведаміў пра намер звольніць да канца 2022 года да 2 тысяч працаўнікоў. Гэта 18,5% занятых, звальненні павінны ахапіць як супрацоўнікаў цэнтральнага офісу, так і размеркавальнай сеткі. Працэс звальнення, як адзначаецца ў паведамленні банка, быў расцягнуты больш чым на два гады з-за надзвычайных рынкавых умоў, звязаных з пандэміяй.
Гэта толькі пачатак спісу польскіх банкаў, якія скарачаюць штаты. У рамках рэструктурызацыі Getin Noble Bank абвясціў у чэрвені пра намер звольніць да 350 супрацоўнікаў. Яшчэ да пандэміі ён планаваў развітацца з сотняй чалавек, відаць, што некалькі месяцаў пазней ён сутыкаецца са значна больш складанымі ўмовамі працы.
У сваю чаргу, банк Millennium плануе на працягу 2020 года зачыніць 110 філіялаў, да пандэміі гаворка ішла аб ліквідацыі 60 банкаўскіх аддзяленняў. Невядома, колькі людзей будзе звольнена з гэтае прычыны.
Нямецкая група, асноўны акцыянер польскага mBank, разглядае пытанне аб звальненні 7 тысяч супрацоўнікаў і закрыцці 400 філіялаў у Нямеччыне, паведамляе Bloomberg. Група яшчэ не пацвердзіла гэтага, таму можна толькі задацца пытаннем, ці закрануць скарачэнні і польскі mBank. Пра звальненні ў банкаўскім сектары Польшчы пісалі на партале money.pl.
эж