Нарвежскае класіфікацыйнае таварыства DNV GL (Det Norske Veritas), якое павінна было выдаць сертыфікат для Nord Stream 2 пасля завяршэння яго будаўніцтва, адмовіліся ад прадстаўлення гэтай паслугі. Усяму віной новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да руска-нямецкага газаправода. Польскі эксперт па энергетычных пытаннях, намеснік галоўнага рэдактара партала Energetyka24 Якуб Вех (Jakub Wiech) распавёў пра палажэнне справаў скандальнага руска-нямецкага энергетычнага праекту, а з ім гутарыў Эдуард Жолуд:
-«Паўночны паток 2» – гэта газаправод, які цяпер пракладваецца па дну Балтыйскага мора, яго прапускная здольнасць каля 55 млрд кубічных мераў газу штогод. Дадзены газаправод павінен стаць другой часткай ужо існуючай магістралі. «Паўночны паток 2» будзе дубляваць газаправод «Паўночны паток 1», які ляжыць на дне Балтыйскага мора і праз які таксама перапампоўваецца прыблізна 55 млрд кубаметраў газу.
«Паўночны паток 2» мае вялікае значэнне для Расіі, бо дазволіць у дастаўках газу ў Нямеччыну і далей у Еўропу абмінуць Беларусь, Польшчу, а перад усім Украіну. Пералічаныя краіны страцяць статус транзітных. Адсюль вынікае геапалітычнае значэнне гэтага інвестыцыйнага праекту.
На самой самой, з пункту гледжанне эканомікі, пракладка і запуск «Паўночнага патоку 2» не мае для Расіі вялікага значэнне, бо гэта надзвычай дарагі праект, які паглынае шмат рэсурсаў. Аднак, з пункту гледжання палітычнага ўплыву Масквы, перакідванне транзіту газу на дно Балтыкі дае дадатковыя магчымасці ціску, умяшання ва ўнутраныя справы Кіева і Мінска. Транзіт газу для гэтых краінаў з’яўляецца своеасаблівай страхоўкай, дадатковай перавагай у палітычнай гульні з Расіяй. Завяршэнне пракладкі «Паўночнага патоку 2» прынясе Беларусі і Украіне адчувальныя фінансавыя страты, а перадусім паслабіць іх геапалітычную пазіцыю ў адносінах з мацнейшым суседам – Расіяй.
Увесь працэс паўстання – спачатку праектавання, а цяпер пракладкі газаправоду «Паўночны паток 2» – суправаджаецца вялікім супрацівам значнай часткі краінаў Усходняй Еўропы (Польшчы і Прыбалтыкі), ЗША ўвялі чарговыя санкцыі супраць газаправоду. Больш таго, нават калі будаўніцтва «Паўночнага патоку 2» паспяхова завершыцца, Злучаныя Штаты (у якіх пануе пазапартыйная згода што да гэтага праекта) зробяць усё магчымае, каб новы газаправод ляжаў на дне Балтыкі без працы. Нягледзячы на ўсе гэты чыннікі вялікага рызыка Масква і Берлін упарта трымаюцца за гэту трубу. Якуб, патлумачце чаму?
-«Паўночны паток 2» дазволіць Маскве рэалізаваць пэўныя палітычныя мэты, зменіць архітэктуру паставак газу ў Еўропу, без уліку інтарэсаў Украіны і Беларусі.
У сваю чаргу Берлін бачыць у «Паўночным патоку 2» перадусім эканамічны інтарэс, а менавіта магчымасць рэалізацыі стратэгічнай мэты адмовы ад вугальнай і атамнай энергіі і замяшчэнне яе газам. У Нямеччыне ўвесь час няўхільна расце спажыванне прыроднага газу. Аднак гэта толькі чатска адказу.
Большая частку газу, які будзе дастаўляцца ў ФРГ па новым трубаправодзе, будзе экспартавацца ў іншыя краіны Цэнтральнай Еўропы. У Нямеччыне ўжо разбудоўваецца сетка меншых газаправодаў ад канцавога пункту «Паўночнага патоку 2 ». У нейкім сэнсе Берлін намагаецца паўтарыць бізнэс-мадэль Масквы і стаць пастаўшчыком энерганосьбітаў для сваіх контрагентаў у Цэнтральнай ды Усходняй Еўропе. Такая палітыка Нямеччыны вынікае з кааліцыйнай дамовы кіроўных партыяў – Хрысціянскіх дэмакратаў і Сацыял-дэмакратаў.
На дадзеным этапе пракладка «Паўночнага патоку 2» рэалізавана амаль на 90%. Застаецца дабудаваць кавалак даўжынёй у 100 кіламетраў у тэрытарыяльных водах Каралеўства Даніі. Аднак лёс небяспечнага з пункту гледжання незалежнасці і геапалітычнай стабільнасці краінаў Усходняй Еўропы руска-нямецкага праекту ў значнай ступені залежыць ад паслядоўнасці замежнай палітыкі новай адміністрацыі ЗША.
эж