Беларуская Служба

Палякаў непакоіць, што ЗША могуць пагадзіцца на працяг будаўніцтва «Паўночнага патоку-2»

22.05.2021 11:57
Супраць будаўніцтва расійска-германскага газаправода рэзка выступаюць Польшча, Украіна і краіны Балтыі.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneStefan Dinse/shutterstock

Інтэрнет-партал Energetyka24.com прыводзіць выказванне намесніка міністра інфраструктуры Марціна Гаралы (Marcin Horała). Гаворка ідзе пра санкцыі ЗША супраць газаправоду «Паўночны паток-2». Палітык прызнаў, што «рашэнні ЗША аб санкцыях павінны выклікаць непакой, асабліва калі гэта прадстаўлена ў сродках масавай інфармацыі як пэўная згода ЗША на газаправод».

«Асабіста мяне гэта здзівіла, таму што ў інтарэсах ЗША, каб «Паўночнага патоку-2» не было», – сказаў намеснік міністра. Паводле Гаралы, сітуацыю, звязаную з будаўніцтвам газаправоду, ацаніць няпроста. «Гэта жаданне Германіі стаць як-бы «Міні-Расіяй», якая будзе размяркоўваць расійскі газ у Еўропе. З іншага боку, ЗША шукаюць мацнейшы блок краін Еўропы, які зможа забяспечыць тут бяспеку, каб ЗША маглі больш засяродзіцца на ціхаакіянскім напрамку», – дадаў Гарала. Як ён адзначыў, «з польскага пункту гледжання мы павінны пастаянна ўмацоўваць трываласць польска-амерыканскага альянсу і НАТА на ўсходнім флангу».

На пытанне, ці паўплывае цяперашняя сітуацыя, звязаная з будаўніцтвам, на польска-амерыканскія адносіны, Гарала сказаў, што «няма ніякіх прыкмет таго, што ЗША адмаўляюцца ад сваіх абяцанняў, дадзеных Польшчы».

Згодна з дакументам, прадстаўленым на гэтым тыдні, Дзярждэп ЗША ўвёў санкцыі супраць чатырох расійскіх караблёў, у тым ліку »Акадэмік Чэрскі«, які пачаў пракладку труб для гэтага праекту ў дацкіх водах у красавіку. Санкцыі таксама распаўсюджваюцца на пяць іншых расійскіх арганізацый, уключаючы расійскую службу выратавання на моры.

Паводле аналітыкаў, пры захаванні цяперашніх тэмпаў будаўніцтва »Паўночны паток-2« будзе завершана да канца гэтага года, калі не раней.

Супраць будаўніцтва расійска-германскага газаправода рэзка выступаюць Польшча, Украіна і краіны Балтыі. Крытыкі »Паўночнага патоку-2« мяркуюць, што праект павялічыць залежнасць Еўропы ад расійскага газу і пашырыць уплыў Крамля на еўрапейскую палітыку. Праект падтрымліваецца Германіяй, Аўстрыяй і шэрагам іншых краін ЕС.

нг