Беларуская Служба

Спартыўная галіна эканомікі Польшчы плануе падаць судовы пазоў супраць дзяржавы

22.05.2021 07:03
Польскі фітнес-сектар падлічыў, што з-за закрыцця спартыўных аб’ектаў у сувязі з эпідэміяй каранавіруса страціў больш за 1 млрд 336 млн еўра.
Zdj. ilustracyjne
Zdj. ilustracyjne Shutterstock/Neptunestock

Спартыўная галіна эканомікі Польшчы плануе падаць судовы пазоў супраць дзяржавы, паведамляе папулярны партал wp.pl. Польскі фітнес-сектар падлічыў, што з-за закрыцця спартыўных аб’ектаў у сувязі з эпідэміяй каранавіруса страціў 6 млрд злотых (больш за 1 млрд 336 млн еўра).

У Польшчы стабілізуецца сітуацыя, звязаная з распаўсюджваннем каранавіруса. У сувязі з гэтым паступова адкрываюцца чарговыя галіны эканомікі. Так, 28 мая пачнуць працаваць спартыўныя аб’екты, якія былі зачыненыя апошнія 11 месяцаў. Прадстаўнікі спартыўнай галіны скардзяцца, што дзяржава ім амаль не дапамагла – фінансавая дапамога склала ўсяго толькі каля 20% ад панесеных страт. У сувязі з гэтым аб’яднанні, якія гуртуюць фірмы з фітнес-галіны, рыхтуюць судовы пазоў ад цэлага спартыўнага сектара супраць дзяржавы.

Прадстаўнікі згаданых арганізацый заяўляюць, што ад судовага шляху яны могуць адмовіцца ў выпадку, калі парламент прыме закон аб кампенсацыі страт, панесеных спартыўным сектарам. Яны разлічваюць на атрыманне 70% сродкаў, якія страцілі ў выніку абмежаванняў, уведзеных уладамі. Акрамя згаданай кампенсацыі, спартыўны сектар разлічвае на датацыі з боку дзяржавы, паведамляе партал wp.pl.

вс