Беларуская Служба

Польскія прадпрымальнікі баюцца санкцый супраць беларускага рэжыму

31.05.2021 15:58
У Беларусі існуе каля 400 польскіх прадпрыемстваў.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Drazen Zigic

Польскія фірмы, якія актыўна дзейнічаюць у Беларусі, скептычна ставяцца да планаваных Еўразвязам санкцый, чытаем у выданні Dziennik Gazeta Prawna. У Беларусі існуе каля 400 польскіх прадпрыемстваў. Яны працуюць у розных галінах, а палітычна-эканамічны крызіс, які ў краіне цягнецца ўжо амаль год, паўплываў на іх дзейнасць і патэнцыял вытворчасці. Не ўсе аднак наракаюць на сітуацыю, бо беларускі рынак прызвычаіў іх да хваляванняў. Чарговыя санкцыі, якія хутчэй за ўсё будуць уведзеныя ў другой палове чэрвеня, могуць сапсаваць адносіны польскіх кампаній і лакальных прадпрыемстваў ды ўладаў.

Тых, хто вядзе супрацу з беларускім бізнесам або мае там сваю вытворчасць, хвалюе перадусім тое, што санкцыі ўдараць па іх, а таксама іх працаўніках. Чым больш закрытая будзе эканоміка краіны, тым менш будзе магчымых кліентаў у самой Беларусі.

Адначасова магчымая забарона вытворчасці і імпарту беларускіх тавараў у Польшчу і іншыя краіны ЕЗ можа паспрыяць развіццю лакальных польскіх прадпрыемстваў. У мінулым годзе, напрыклад, у Польшчу трапіла 440 тонаў цэменту, што не спадабалася польскім вытворцам. Яны скіравалі нават ліст па гэтым пытанні ў Еўракамісію, але, як бачым, пытанне можа вырашыцца без удзелу Брусэля.

Падобным чынам сітуацыя выглядае з палівам. Беларуская прадукцыя трапляла ў Еўропу па канкурэнцыйных цэнах, бо Беларусь атрымлівала нафту з Расіі па ніжэйшых коштах. У выніку ў ЕЗ можна было прадаваць тавар па ніжэйшых цэнах у параўнанні з лакальнымі вытворцамі. Зараз пазіцыю “Нафтану” маглі б заняць мясцовыя, у тым ліку польскія, вытворцы. У перспектыве дэмакратычныя перамены ў Беларусі павінны стварыць лепшыя ўмовы для развіцця двухбаковай супрацы, чытаем у выданні Dziennik Gazeta Prawna.

аев