Еўрапейскія аэрапорты закрытыя для беларускай дзяржаўнай авіякампаніі. Адзіныя даступныя чартарныя напрамкі з Беларусі – гэта Егіпет і Турцыя. У сваю чаргу «Белавія» не хоча лётаць у акупаваны Расіяй Крым, нагадвае Івона Трусэвіч на старонках выдання Rzeczpospolita.
«Пасля таго, як многія еўрапейскія краіны закрылі паветраную прастору для беларускай авіякампаніі, «Белавія» не выконвае чартарных рэйсаў у Еўропу», – паведаміла прэс-служба авіякампаніі. Раней у аўторак «Белавія» абвясціла, што павысіла цэны білетаў на чартарныя рэйсы ў Егіпет і Турцыю з-за прымусовага перагляду маршрутаў. Гэта звязана з закрыццём шэрагу краін для беларускага авіяперавозчыка. У выніку час палёту, неабходная колькасць паліва і працоўныя выдаткі на чартарныя рэйсы значна павялічыліся.
Нягледзячы на такую сітуацыю, «Белавія» не мае намеру шукаць новыя, даступныя напрамкі і лётаць, напрыклад, у акупаваны Расіяй Крым. Паводле кіраўніцтва авіякампаніі, для гэтага неабходнае «палітычнае прызнанне Крыма часткай Расіі».
«Будзе палітычнае рашэнне – паглядзім», – заявілі прадстаўнікі «Белавіі», словы якіх цытуе Rzeczpospolita.
аз