Беларуская Служба

Нізкая інфляцыя можа быць самым складаным абяцаннем Дональда Туска

25.10.2023 12:33
Апошнія прагнозы адносна росту коштаў у Польшчы не супакойваюць.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Дональд Туск стаў кандыдатам ад апазіцыі на пасаду прэм'ер-міністра. Перад выбарамі ён абяцаў, што за два гады давядзе інфляцыю да адной з самых нізкіх у Еўропе. Аднак гэта абяцанне можа быць вельмі цяжка выканаць. Апошнія прагнозы адносна росту коштаў у Польшчы не супакойваюць, піша эканамічны партал money.pl.

У сакавіку гэтага года Дональд Туск падчас сустрэчы са студэнтамі Апольскага ўніверсітэту заключыў з адным з удзельнікаў заклад на адзін еўра. Ён паабяцаў, што праз два гады Польшча ўвойдзе ў лік 5-6 еўрапейскіх краінаў з найменшай інфляцыяй.

Паводле яго заяваў, да канца 2025 года інфляцыя павінна быць адной з самых нізкіх у Еўропе. На жаль, піша money.pl, гэта будзе няпростая задача. Па-першае, Нацыянальны банк Польшчы адказвае за цэнавую стабільнасць у краіне. Ён той, хто клапоціцца пра кошт грошай. Калі ён падае, гэта азначае, што палякі могуць купіць усё менш і менш прадуктаў за тую ж суму. Менавіта з такой сітуацыяй Польшча сутыкаецца апошнія гады.

Па-другое, інфляцыя – гэта працэс, а не кропкавыя паказанні Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, сцвярджаюць эканамісты. І менавіта ў гэтым аспекце цяпер найбольшыя праблемы.

Выразную пазіцыю на гэты конт мае прафесар Яанна Тыровіч, член Рады па манетарнай палітыцы. На яе думку, цяпер вялікая праблема ў тым, ці інфляцыя – як у Польшчы, так і ў іншых краінах свету – увогуле дасягне мэты. «Яна зніжаецца і будзе працягваць змяншацца. Але нішто на рынку працы або ў працэсах цэнаўтварэння не сведчыць аб тым, што мэта дасяжная», – адзначыла яна ў LinkedIn. Пішучы пра мэту, эканаміст мае на ўвазе мэтавую інфляцыю НБП, якая ў Польшчы складае 2,5%.

ав/money.pl