Беларуская Служба

Ryanair: дрэнныя водгукі прадаюць білеты лепш, чым добрыя

26.03.2024 15:38
У чым маркетынгавы сакрэт найбуйнейшай авіякампаніі Еўропы Ryanair? Дрэнныя водгукі ў медыя.
C Ryanair
Cамалёт RyanairRebius/Shutterstock

Як кажа генеральны дырэктар Майкл О'Ліры (Michael O’Leary), негатыўныя паведамленні прадаюць білеты ў яго авіякампаніі лепш, чым добрыя.

Ryanair не мае добрых водгукаў – нават кажуць, што гэта найгоршая бюджэтная авіякампанія ў сегменце кароткамагістральных рэйсаў. Кліенты атрымліваюць малую колькасць сэрвісных паслуг, калі не даплачваюць. Калісьці прэзідэнт Майкл ОʼЛіры праславіўся тым, што нават разважаў, ці варта яму ўводзіць плату за карыстанне прыбіральнямі ў самалётах, цяпер ён слухае скаргі наконт увядзення платы за тое, што члены сямʼі плацяць за магчымасць сядзець побач падчас пералёту.

Дрэнная рэклама прадае нашмат больш білетаў Ryanair, чым добрая

Аднак Майклу ОʼЛіры, выглядае, усё роўна.

«Самае смешнае, што мы даведаліся за гэтыя гады, – гэта тое, што дрэнная рэклама прадае нашмат больш месцаў, чым добрая», – распавядаў ОʼЛіры Wall Street Journal. У той жа час ён заклікаў чытачоў правяраць прапановы Ryanair.

Гэты авіяперавозчык славіцца сваёй злоснай ці іранічнай рэакцыяй на крытыку ў сацыяльных сетках. Калі кліматычныя актывісты напалі на ОʼЛіры ў Бруселі з заварным пірагом, Ryanair неадкладна адказала на X. У  паведамленні прадстаўнікі кампаніі адзначылі, што для па цане гэтага торта можна купіць білет у Бельгію. Калі кліент паскардзіўся на тое, што падчас падарожжа ў свой мядовы месяц сядзеў на месцы без акна, перавозчык адказаў на платформе X, што яго жонка шкадуе, бо выйшла замуж за чалавека, які не ўмее чытаць дробны шрыфт.

ОʼЛіры любіць грубыя, правакацыйныя заявы. Мінулым летам ён назваў справаздачу Упраўлення грамадзянскай авіяцыі Брытаніі «лухтой» пасля таго, як высветлілася, што тэхнічны збой сарваў тысячы рэйсаў. Калі вытворца самалётаў Boeing адклаў пастаўкі самалётаў на 2022 год, ОʼЛіры назваў кіраўніцтва гэтай кампаніі групай «безгаловых курэй», якім трэба «перазагрузіць або перазапусціць свае ду..ы».

Ryanair актыўны ў розных сацыяльных сетках – TikTok, Instagram, платформа X. Кампанія траціць каля $20 млн у год на маркетынг, але ОʼЛіры, як ён сам сцвярджае, не вельмі ў гэтым разбіраецца. «Я паняцця не маю, што, чорт вазьмі, яны робяць, але мае дзеці кажуць мне, што наш уліковы запіс TikTok вельмі круты, – кажа ён. – Няхай кажуць што заўгодна, робяць што заўгодна, нам усё роўна, каго яны абражаюць, дражняць».

Цікавасць да авіяпералётаў расце

Ryanair бачыць, што цікавасць да падарожжаў павольна, але дакладна вяртаецца. У верасні 2023-га кампанія перавезла больш пасажыраў, чым за той жа месяц 2022 года, і нават да пандэміі. Генеральны дырэктар спадзяецца, што доля кампаніі на еўрапейскім рынку павялічыцца з цяперашніх 20 да 30 працэнтаў на працягу наступнага дзесяцігоддзя.

– Мне ўсё роўна, ці з’яўляемся мы самай вялікай авіякампаніяй у свеце, галоўнае, ці прыносім мы найбольшы прыбытак, – падкрэслівае ён.

Аднак не ўсе рашэнні прэзідэнта прыносяць чаканы вынік. Калі ён пачаў вайну з інтэрнэт-турагентамі, у выніку чаго апошнія адключылі яго прапановы на сваіх сайтах, колькасць браніраванняў скарацілася. Каб заткнуць дзірку, перавозчык знізіў цэны і быў вымушаны перагледзець ацэнку прыбытку на 5 працэнтаў.

Вынікі за справаздачны год, які сканчаецца ў сакавіку, будуць апублікаваны ў маі.

rp.pl/вх