Беларуская Служба

Беларускі бізнесмен у ЗША: «Нейкі час беларускія фірмы абслугоўвалі вежы сотавай сувязі ў Філадэльфіі»

28.09.2024 07:00
За апошнія гады ў ЗША прыехала шмат беларусаў. 
Аўдыё
  • Беларусы ў ЗША - Віталь Самсонаў
  -   .
Віталь Самсонаў - з правага боку. Фота: БСПР/нг

Віталь Самсонаў — член Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы, бізнесмен, які вядзе ў ЗША паспяховае прадпрыемства ў галіне аўтамабільнай тэхнікі. Спадар Віталь прыехаў у Польшчу, каб прыняць удзел у некалькіх канферэнцыях, у тым ліку ў Форуме беларускага бізнесу за мяжой. Мы паразмаўлялі з ім на форуме пра беларускую дыяспару за акіянам і бізнес.

— За апошні час беларуская дыяспара ЗША пашырылася, у нас у Філадэльфіі існуе беларускі культурны цэнтры, ёсць чатыры музычныя гурты.

— Вы выдатна валодаеце беларускай мовай, ці вынеслі яе з роднага дому?

— Не, я нарадзіўся ў расійскамоўным асяроддзі. Але прыйшло зразуменне, што беларусам варта камунікаваць на роднай мове, гэта наш вялікі культурны здабытак, наша ДНК, тое, што вылучыла беларусаў з іншых народаў на свеце.

Ці ваша паходжанне дапамагае ў бізнесе ў ЗША, ці перашкаджае?

— У мяне невялікі бізнес у аўтамабільнай сферы. Я жыву ў ЗША практычна ўсё дарослае жыццё, я прыехаў, калі мне было 18 гадоў. Я не адчуваю нейкай перавагі ці іншага падыходу да вядзення бізнесу, таму што я з Беларусі.

У Польшчы часта беларусы, якія адкрываюць бізнес, арыентуюць яго на беларусаў ці расійскамоўных кліентаў. Ці гэта правільна?

— У Філадэльфіі жыве некалькі тысяч беларусаў, але агулам беларусаў мала ў агульнай колькасці 6 млн чалавек. І таму будаваць прадукт для беларусаў складана з-за таго, што гэта абмежаваны рынак. Ёсць кнігарні, якія прадаюць беларускія кнігі, але яны гэта робяць як хобі. За гэта хутчэй нельга пражыць.

А як выглядае культурнае жыццё беларусаў у Амерыцы? Ці яно развіваецца дзякуючы таму, што прыехала шмат беларусаў, ці яны канцэнтруюцца пакуль на тым, каб пражыць? І ці бізнес падтрымлівае культуру?

— Гэта тыповая гісторыя эмігранта — прыязджае, шукае сабе месца — гэта першы год, другі год — больш-менш усталёўваецца, трэці год — пачынае вольна дыхаць. І калі ёсць прывабныя культурніцкія прадукты, гэты чалавек будзе наведваць імпрэзы. Ёсць розныя спосабы на падтрымку культуры. У Філадэльфіі мы праводзім чатыры фестывалі штогод, шмат у якіх імпрэзах удзельнічаюць бізнесоўцы, якія падтрымліваюць іх у якасці спонсараў. Нашай культуры цяжка праіснаваць сам-насам, без вонкавай падтрымкі. Мы стараемся стварыць магчымасці для беларускіх творцаў, каб яны навучыліся зарабляць грошы.

Галоўная праблема для пачынаючых бізнесоўцаў у Польшчы — дзе знайсці фінансаванне. Бывае, што беларусам не даюць крэдытаў. Ці беларускае грамадзянства перашкаджае ў Амерыцы ў пошуках фінансавання, крэдытаў?

— Не, я б не сказаў. Праблема ў тым, што большасць бізнесаў, які ідуць па крэдыты ў Польшчы, яны даволі новыя. Гэта недахоп гісторыі, у тым ліку крэдытнай, поспехаў. Гэта значна большая перашкода, чым іх пашпарт. У любой краіне самая вялікая праблема — як зарабіць першыя сродкі.

Ці можна сказаць, што беларускі бізнес з чымсьці атаясамліваецца? Няма такога беларускага прадукту або паслугі, аб якіх ведаюць у свеце.

— Сусветнай сеткі дранікаў яшчэ не прыдумалі. У ЗША частка беларускіх бізнесоўцаў займаліся абслугоўваннем вежаў сотавай сувязі. Зараз некаторыя кампаніі перайшлі ў іншыя сферы, але можна было сказаць, што гэтую сферу кантралявалі беларусы.

Размаўляла Наталля Грышкевіч.

Слухайце далучаны гукавы файл!

Беларускія бізнесоўцы, якім прыйшлося з'ехаць з Беларусі, не толькі не адмовіліся ад бізнесу, але і ладзяць конкурс з прывабнай прэміяй

22.09.2024 22:47
Тры фірмы атрымаюць па 5 тысяч еўра.