ВУП Беларусі павялічыўся на ≈1 працэнт у жніўні 2024 года ў адносінах да жніўня 2023 года. Рост выпуску моцна замарудзіўся ва ўмовах нераўнамерных тэмпаў уборкі збожжа ў гэтым і мінулым гадах і праблем, што захоўваліся ў нафтаперапрацоўцы пасля ліпеньскай непагадзі. У цэлым усё больш верагодна, што вытворцам цяжка захоўваць высокія тэмпы росту выпуску з-за адсутнасці свабодных магутнасцей, дэфіцыту кадраў, лагістыкі паставак, якая ўскладнілася, і празмернага ўмяшання дзяржавы.
Гэта кароткія высновы з аналізу стану эканомікі Беларусі за трэці квартал бягучага года, які прадставіў эксперт даследчыцкага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык.
Паводле прагнозу эксперта, у спакойных умовах эканоміку Беларусі чакае павольнае «астыванне» (то бок павольнае вяртанне да збалансаванасці): прырост ВУП замарудзіцца з 4-5% па выніках 2024 года да 0-2% у 2025 годзе. Эканоміка заставалася перагрэтай, але гэты пік мог быць пройдзены ў II квартале 2024 г.
Патлумачым, перагрэў эканомікі — гэта стан, калі яна расце вельмі хутка, нашмат хутчэй, чым дазваляе яе структура, за кошт штучных стымулаў.
Унутраны попыт у сярэдзіне года падтрымліваў ВУП, які стымулюецца павелічэннем бюджэтных выдаткаў, ростам заробкаў і крэдытавання, аптымізмам хатніх гаспадарак.
Выдаткі раслі высокімі тэмпамі і падтрымлівалі інфляцыйны ціск, асабліва ў нерэгулюемых паслугах.
Вытворцы падладжваліся пад высокі попыт за кошт умеранага росту інвестыцый, але рэсурсныя абмежаванні стрымлівалі магчымасці росту выпуску.
— Палітыка ўраду падвышае рызыкі таго, што калі нешта сур’ёзнае здарыцца ў свеце ці Расіі, то спад будзе больш заўважным і балючым, чым калі б урад не дапускаў такога перагрэву эканомікі і праводзіў больш жорсткую палітыку. Я прадстаўляю базавы сцэнар, у якім не прадугледжана, што ў Расіі адбудзецца істотны спад ці сусветная эканоміка ўвойдзе ў рэцэсію. Адпаведна ў існым сцэнары мы будзем бачыць некалькі год росту выпуску прадукцыі на ўзроўні “каля нуля”. Гэта дазволіць за некалькі гадоў вярнуцца эканоміцы да збалансаванага стану. Але гэта нядобра, бо і даходы насельніцтва не будуць расці такімі тэмпамі. Праблема ў тым, што такая камбінацыя, калі эканоміка сур’ёзна перагрэтая, ёсць інфляцыйны навес, робіць эканоміку крохкай. Калі адбудзецца нейкі шок, прастора для падзення будзе вялікай. Таму манетарная палітыка павінна глядзець далёка наперад, — тлумачыць Анатоль Харытончык.
Прагназуецца, што бягучы год эканоміка завершыць з прыростам ВУП на 4—4,5% і інфляцыяй у памеры 5,5—6%.
Як эканоміка залежыць ад выбараў?
У наступным годзе ў Беларусі мусяць адбыцца прэзідэнцкія выбары. Анатоль Харытончк апублікаваў артыкул, у якім разглядае залежнасць працэсаў у эканоміцы ад палітычных падзей. Высокія паказчыкі росту эканомікі Беларусі ў 2023–2024 гг. у асяроддзі вялікай актыўнасці спажыўцоў выклікаюць асцярогі адносна якасці і ўстойлівасці гэтага асяроддзя, адзначае аўтар.
У многім рост ВУП забяспечаны залішне мяккай эканамічнай палітыкай, якая ў значнай ступені можа быць звязана з электаральнай кампаніяй 2024–2025 гг.
Вынікі даследавання паказваюць, што ў перадвыбарныя гады і гады выбараў эканоміка звычайна функцыянавала ў стане залішняга попыту. Значны ўплыў у яго фармаванні гуляла дынаміка бюджэтных выдаткаў і заробкаў.
— Да крызісу 2015 года выразна можна было назіраць у перадвыбарчы і выбарчы гады стымуляванне ўнутранага попыту за кошт бюджэтных і квазібюджэтных інструментаў. Заробак заўсёды перад выбарамі ляцеў некуды ўверх, — нагадвае Анатоль Харытончык.
— Потым прыйшоў крызіс, прыйшоў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, які сказаў, што будзе даваць грошы, калі будуць выконвацца пэўныя ўмовы. Таксама крыху змяніліся каштоўнасці, развіваўся прыватны сектар і знізілася неабходнасць у такой падтрымцы. Але ўсё адно быў лозунг давесці заробкі да тысячы (долараў у эквіваленце, – рэд.). Цяпер ідзе вяртанне да старых практык. Гэта бачна і па дынаміцы заробкаў, і па дынаміцы бюджэтных расходаў. Пакуль што патэрн, які быў да 2015 года, застанецца, бюджэтны стымул будзе і ў наступным годзе.
Анатоль Харытончык раіць памятаць пра нестабільнасць працэсаў: «для мінімізацыі негатыўных наступстваў у выпадку іх наступлення ў 2025-2026 гг. бізнесу і насельніцтву неабходна ўсведамляць «далікатнасць» поспехаў беларускай эканомікі, фармаваць рэзервы і распрацаваць сцэнары рэагавання на «жорсткую пасадку» эканомікі».
«Падзеі 2020 года прадэманстравалі небяспеку для дзейнай улады імклівага развіцця прыватнага сектара эканомікі. Аднак павышэнне адміністрацыйнага ціску на прадпрымальнікаў пасля 2020 года патрабуе замяшчэння яго ролі ў павышэнні дабрабыту грамадзян. Ва ўмовах узмацнення ізаляцыі Беларусі і сыходу заходніх інстытуцый развіцця гэтыя выдаткі ў значнай ступені пераносяцца на бюджэт.
Новы сацыяльны кантракт не сфарміраваны, а прадаваць "веліч" накшталт расійскіх уладаў для беларускіх вельмі цяжка. Ва ўмовах захавання рэштак старога сацыяльнага кантракту прымяненне знаёмых і зразумелых метадаў адміністрацыйнага стымулявання даходаў і спажывання насельніцтва выглядае адпаведным логіцы беларускіх уладаў. Так, паслугі якаснай і бясплатнай медыцыны, сярэдняй адукацыі, пенсіённага забеспячэння да пачатку 2024 года заставаліся адным з нямногіх фактараў згоды паміж грамадствам і дзяржавай (Chatham House, 2024). На другое месца ў рэйтынгу чаканняў грамадства ад дзяржавы ў 2024 годзе выйшаў запыт на прадастаўленне магчымасці зарабляць (Мал. 9).
Нельга выключаць, што для часткі насельніцтва стымуляванне даходаў з боку дзяржавы будзе, прынамсі, дастатковым для часовага забеспячэння лаяльнасці да дзейнай улады», адзначаецца ў аналітычным матэрыяле Харытоньчыка.
вх