Беларуская Служба

Электрамабілі не выратуюць аўтапрамысловасці

23.10.2024 16:01
Іх доля ў агульным аб'ёме продажаў новых аўтамабіляў з года ў год зніжаецца.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: paulbr75 /pixabay.com/CC0 Public Domain

Перспектывы польскай аўтамабільнай прамысловасці імкліва пагаршаюцца. За апошнія 12 месяцаў доля кіраўнікоў прадпрыемстваў гэтага сектара, якія чакаюць зніжэння вытворчасці, павялічылася ў пяць разоў, паведамляе выданне Rzeczpospolita. Толькі менш за траціну з іх разлічваюць на рос - гэта найменш за амаль дзесяцігоддзе, вынікае з апытання MotoBarometr, якое ахоплівае 11 ключавых для галіны рынкаў Еўропы.

Дрэнныя прагнозы пацвярджаюць, апублікаваныя ў аўторак звесткі Еўрапейскай асацыяцыі аўтавытворцаў ACEA: у верасні продажы новых аўтамабіляў у ЕС знізіліся на 6,1% у параўнанні з мінулым годам, а месяцам раней падзенне перавысіла 18%.

Паводле Асацыяцыі вытворцаў аўтамабільных запчастак, праблемы паглыбляе нізкая рэнтабельнасць сектара, а рост коштаў робіць немагчымай фінансавую стабільнасць.

Яцэк Опала - старшыня Exact x Forestall - кампаніі па кантролі якасці, якая падрыхтавала MotoBarometr, кажа, што яшчэ некалькі месяцаў таму ніхто не спадзяваўся настолькі адмоўных прагнозаў для аўтамабільнай прамысловасці.

Між тым, як заўважае газета, у наступным годзе з’явяцца дадатковыя праблемы. Гаворка ідзе пра змяншэнне лімітаў выкідаў СО2, высокія штрафы за іх перавышэнне, істотнае павелічэнне выдаткаў на вытворчасць, у выніку -  рост коштаў на аўтамабілі і далейшае запаволенне на рынку.

Паводле газеты, да пагаршэння перспектывы аўтамабільнай прамысловасці рашуча прычыняюцца электрамабілі. Надзеі, што яны дапамогуць індустрыі, павялічыўшы попыт, не спраўджваюцца. Аўтары справаздачы MotoBarometr канстатуюць, што электрамабільнасць, якая павінна была стаць рухавіком еўрапейскага аўтамабільнага сектара, не толькі не набірае новых прыхільнікаў, але і яе доля ў агульным аб'ёме продажаў новых аўтамабіляў з года ў год зніжаецца.

аз