Развіваецца чыгуначнае спалучэнне Кітай-Еўропа па Новым Шаўковым шляху, а галоўнымі варотамі на еўразійскай таварнай трасе з'яўляецца польскі лагістычны цэнтр у Малашэвічах на мяжы з Беларуссю, паведамляе партал Strefa Biznesu.
Польскія падаткавікі задаволеныя, бо тавары, увезеныя з Кітая і іншых краін Азіі, аформляюцца мытнай службай краіны. У 2021 годзе ад падаткаў і мытаў у бюджэт трапіла 1 млрд 200 млн злотых (каля 300 млн еўра). Прычым гэта толькі 20% ад агульнай сумы плацяжоў, бо 80% трапляе ў бюджэт Еўрасаюза.
Новыя геапалітычныя змены, як, напрыклад, адсутнасць свабоднага суднаходства па Чырвоным моры і Суэцкаму каналу з-за атакаў на гандлёвыя караблі паўстанцаў-хусітаў з Емена, зноў павялічылі попыт на чыгуначны транспарт з Кітая ў Еўропу праз Малашэвічы. А ў перадкалядны перыяд ён яшчэ больш вырасце.
Новы Шаўковы шлях – гэта 86 чыгуначных трасаў, некаторыя з якіх заканчваюцца ў Італіі і нават Вялікабрытаніі. Амаль усе яны вядуць праз галоўныя еўрапейскія лагістычныя вароты – Малашэвіцкі лагістычны цэнтр. Тут фрахт з Азіі перагружаецца з цягнікоў з шырокай каляі (1520 мм) на еўрапейскую (1435 мм) і адпраўляецца далей – у Польшчу і ў іншыя краіны ЕС.
У пік эпідэміі каранавіруса ў Малашэвічах за суткі адбывалася перагрузка 14 кантэйнерных цягнікоў. Агрэсія Крамля супраць Украіны ў 2022 годзе і эканамічныя санкцыі, уведзеныя Еўрасаюзам у дачыненні да Расіі і Беларусі, а таксама моцнае зніжэнне коштаў на марскі транспарт прывялі да падзення попыту на інтэрмадальныя перавозкі ў Еўропу. Па гэтай жа прычыне трасы большасці цягнікоў з Кітая на Новым Шаўковым шляху заканчваліся ў Расіі.
У палове 2023 года ў Малашэвічах перагружаліся 3-4 кантэйнерныя цягнікі ў суткі. Аднак у гэтым годзе з-за перабояў у марскіх перавозках зноў назіраецца рост патоку. Так, у канцы жніўня бягучага года Малашэвіцкі лагістычны цэнтр перагрузіў 16 кантэйнерных цягнікоў з Азіі.
вс