Беларуская Служба

План Польшчы па развіцці IT-сферы: да 2035 года 80 працэнтаў офісаў будуць працаваць з АІ

29.10.2024 08:39
Развіццё дзяржаўных электронных паслуг, рэгуляванне штучнага інтэлекту (АІ), падтрымка гульнявой індустрыі і спадарожнікавай вытворчасці — гэта частка намераў з новай стратэгіі Польшчы па лічбавізацыі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Gorodenkoff/Shutterstock

Чакаюцца мільярдныя інвестыцыі, піша Puls Biznesu.

«Праблемы, з якімі сутыкаецца Польшча ў сферах эканамічнай канкурэнтаздольнасці, дэмаграфіі, бяспекі дзяржавы і яе грамадзян, а таксама аховы здароўя, азначаюць, што інтэнсіўныя інвестыцыі ў лічбавізацыю ў многіх сферах больш не з'яўляюцца пытаннем выбару. Гэта становіцца неабходнасцю, без якой пазіцыя нашай краіны значна аслабне», — гаворыць Кшыштаф Гаўкоўскі, віцэ-прэм’ер і міністр лічбавых тэхналогій.

Віцэ-прэм'ер прадставіў асновы распрацаванай на дзесяцігоддзе новай Дзяржаўнай стратэгіі развіцця лічбавай сферы, гэты дакумент прыйдзе на змену Комплекснай дзяржаўнай праграме інфарматызацыі. Перш чым гэта адбудзецца, праект, падрыхтаваны ў выглядзе амаль 200-старонкавай брашуры, быў вынесены на грамадскае абмеркаванне.

«Дакумент, падрыхтаваны  Міністэрствам лічбавых тэхналогій як першая ў гісторыі Польшчы комплексная стратэгія дыджыталізацыі краіны, паказвае шлях да паляпшэння якасці жыцця шляхам развіцця лічбавых тэхналогій да 2035 года. Міністэрства дыягнаставала цяперашні стан краіны па выніках міжнародных паказнікаў і даследаванняў», — гаворыцца ў матэрыяле.

«Да 2035 года кожная другая кампанія і 80 працэнтаў офісаў будуць выкарыстоўваць тэхналогію штучнага інтэлекту, а ўсе дзяржаўныя сістэмы і рэестры стануць цалкам сумяшчальнымі», так гучыць адзін з намераў міністэрства.

вх