Продажы віна ў Польшчы нязначна падаюць, але галіна бачыць магчымасці ў тым, што спажыўцы ўсё часцей выбіраюць больш дарагія напоі. Аднак планаваная забарона на продаж алкаголю праз інтэрнэт кідае цень на перспектывы рынку, паведамляе Puls Biznesu.
Польскі вінны рынак за апошнія дзесяцігоддзі перажыў значную трансфармацыю. Дваццаць гадоў таму сярэднестатыстычны паляк выпіваў у сярэднім толькі паўлітра віна ў год, а сёння спажыванне дасягае 6 літраў на чалавека. Хоць апошнія даследаванні паказваюць, што ў аб'ёмным выражэнні рынак віна ў Польшчы трохі скарачаецца, яго кошт расце.
Паводле справаздачы NielsenIQ, летась палякі выдаткавалі на віно 4,6 мільярда злотых. Гэта на 7,3 працэнта больш, чым годам раней, але ў колькасным выражэнні закупкі скараціліся на 1,2 працэнта.
Змены на рынку ставяць новыя выклікі перад галіной, кажа старшыня кампаніі TiM – аднаго з найбуйнейшых дыстрыб'ютараў віна ў Польшчы Эва Кжусь-Вісьнеўска (Ewa Krzuś-Wiśniewska).
«Палякі вучацца і ўсё лепш разумеюць, што такое добрае віно. Дзякуючы гэтаму яны робяць свядомы выбар. Нядаўна мы прадавалі ў Польшчы больш «Кадаркі», чым яе выраблялі балгары. На шчасце, гэта ўжо мяняецца. Для польскіх кліентаў цяпер важная не толькі цана, але таксама смак і аўтэнтычнасць прадукту», - лічыць Кжусь-Вісьнеўска.
Дарэчы віно не з’яўляецца дамінуючай катэгорыяй на паліцах з алкаголем у польскіх крамах, бо моцны алкаголь і піва нязменна больш папулярныя.
Puls Biznesu зазначае, што продажы віна ў Польшчы надалей непараўнальныя з Францыяй ці Іспаніяй, дзе спажыванне на чалавека дасягае 45 літраў у год, але польскі рынак цяпер развіваецца ў бок якасці, а не колькасці.
У той жа час польская вінная прамысловасць сутыкаецца з патэнцыйнай пагрозай, якая можа перашкодзіць развіццю рынку. Гаворка ідзе пра планаваную забарону на продаж алкаголю ў інтэрнэце, аб якой паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Прадстаўнікі польскіх вытворцаў і імпарцёраў асцерагаюцца, што новыя правілы закрануць у першую чаргу невялікія вінаграднікі, для якіх інтэрнэт-канал продажаў мае вырашальнае значэнне. Між тым, калі б у Польшчы была ўведзеная забарона, то польскія спажыўцы змогуць надалей купляць віно, але выключна ў замежных інтэрнэт-крамах.
аз