Беларуская Служба

Чаму Грузія выбірае Расію? З-за эканомікі – гляньце на лічбы

03.12.2024 16:39
Гледзячы на ​​эканамічныя вынікі, трэба прызнаць, што падчас кіравання «Грузінскай мары» краіна эканамічна развівалася вельмі высокімі тэмпамі, аднымі з самых высокіх у свеце.
Грузінскі краявід Lubos Houska/Pixabay/СС0

Грузія рэзка робіць паварот у боку Расіі. Урад прыпыніў перамовы аб уступленні ў Еўрасаюз пасля рэзалюцыі Еўрапарламента аб фальсіфікацыі выбараў у Грузіі. Грузіны выйшлі на вуліцы, працягваюцца жорсткія пратэсты. Гледзячы на ​​вынікі грузінскай эканомікі, многае становіцца зразумелым, паведамляе эканамічны партал Business Insider. 

Партыя «Грузінская мара» трымае ўладу ў Грузіі самастойна з 2016 года, хоць ужо ўдзельнічала ў кааліцыйным урадзе з 2012 года. 

Гледзячы на ​​эканамічныя вынікі, трэба прызнаць, што падчас кіравання «Грузінскай мары» краіна эканамічна развівалася вельмі высокімі тэмпамі, аднымі з самых высокіх у свеце. Сёлета, паводле кастрычніцкіх прагнозаў МВФ, рост эканомікі складзе 7,6%. Паводле росту ВУП Грузія – на шостым месцы па дынаміцы развіцця ў свеце. У 2023 годзе толькі 11 краін развіваліся хутчэй, чым Грузія, у тым ліку суседняя Арменія. 

З 2016 года Грузія перамясцілася з 95-га на 75-е месца ў свеце паводле нацыянальнага даходу на душу насельніцтва, разлічанага паводле парытэту пакупніцкай здольнасці (ППЗ). Польшча ў гэтым рэйтынгу займае 42-е месца. 

У той час як у 2016 годзе ВУП на душу насельніцтва паводле ППЗ у Грузіі складаў 46% ад польскага, то ўжо сёлета чакаюцца 53%. Грузія хутка даганяе Польшчу, хоць Польшча - адна з самых растучых эканомік Еўрасаюза. 

Узровень жыцця грузінаў паляпшаецца даволі хутка. Але якая яго прычына? У эканоміцы можна знайсці шмат тлумачэнняў таго, чаму ўрад Грузіі выбраў Расію, а не Захад. 

Самым хуткарослым сектарам у Грузіі з'яўляецца інфармацыйна-камунікацыйны сектар, які з 2016 года вырас на 260%, склаўшы ў мінулым годзе 4,1% ВУП. Сёлета ў другім квартале ён вырас на 19,8%. Эміграцыя з Расіі пасля пачатку вайны супраць Украіны відавочна паспрыяла павышэнню ролі гэтага сектару ў эканоміцы Грузіі. У 2022 годзе, у першы год канфлікту, тэмп росту гэтай галіны склаў амаль 64%. 

Расце таксама турыстычная галіна - на 176% з 2016 года. Сёлетняя дынаміка росту склала 17,3% і цяпер прыносіць 3,5% ВУП. 

Экспарт у Расію, нягледзячы на ​​слабасць рубля, у 2023 годзе вырас у доларавым эквіваленце на 2,3% да 657 млн долараў ЗША, у краіны ж Еўрасаюзу знізіўся ажно на 18,3% да 704 млн долараў ЗША. У 2024 годзе гэта выглядае яшчэ горш, бо за 12 месяцаў (ад кастрычніка 2023 года да кастрычніка 2024-га) экспарт у ЕС скараціўся ажно на 27,7% да 549 ​​млн долараў ЗША, а ў Расію, хоць і знізіўся, але толькі на 0,3% да 678 млн долараў ЗША. 

Расія стала для Грузіі больш важным рынкам збыту, чым ЕС, і месцам, дзе расійскія турысты пакідаюць свае грошы. Эканамічны выбар для Грузіі на дадзены момант цалкам відавочны. 

Калі казаць пра віно, якое з’яўляецца візітнай карткай Грузіі, то менавіта Расія з'яўляецца найбуйнейшым яго пакупніком. За дзесяць месяцаў гэтага года экспарт грузінскага віна склаў 237 млн долараў, з іх ажно на 161 млн долараў было адпраўлена ў Расію. Цікава, што Польшча з'яўляецца другім па велічыні пакупніком, але ў значна меншых маштабах – экспарт грузінскага віна склаў 13 млн долараў. 

Як бачна з фактаў, грузінская эканоміка выйграе ад кантактаў з Расіяй. Эканамічныя сувязі з Еўрасаюзам значна меншыя. У той жа час дадзеныя сведчаць аб тым, што Грузія зарабляе на вайне ва Украіне, забяспечваючы адзін з самых высокіх паказчыкаў эканамічнага росту ў свеце, паведамляе эканамічны партал Business Insider.

вс