Беларуская Служба

Сусветны турызм ужо забыўся пра пандэмію: пабіты новы рэкорд

28.12.2024 18:10
Галіна дэманструе імклівае развіццё.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: kadir AKKAYA / Shutterstock.com

Мінулы год стаў рэкордным для сусветнага турызму. Агульны аб'ём выдаткаў турыстаў быў значна большы, чым у паспяховым 2019 годзе, і нават у яшчэ лепшым 2023 годзе – паведамляе Rzeczpospolita.

Цягам апошніх двух гадоў, з моманту выхаду свету з пандэміі, турыстычная галіна дэманструе імклівае развіццё. Сёлета выдаткі на падарожжы дасягнулі 1,61 трыльёна долараў ЗША. Для параўнання, у 2023 годзе яны складалі 1,48 трыльёна, а ў 2019 годзе — 1,44 трыльёна долараў, піша партал Travel and Tour World. Гэтыя лічбы ўключаюць як выезды на адпачынак, так і службовыя падарожжы.

Рост у турыстычнай сферы абумоўлены некалькімі фактарамі. Значную ролю адыгралі кампаніі па вакцынацыі, павелічэнне даступнасці авіярэйсаў і зняцце абмежаванняў на падарожжы ў ключавых турыстычных рэгіёнах. Вялікую дапамогу аказала аднаўленне масавых мерапрыемстваў, такіх як канферэнцыі і турыстычныя кірмашы.

Аднак, паводле даследавання, праведзенага Nocowanie.pl, не ўсе застаюцца задаволеныя вынікамі года. Галоўнымі праблемамі для гасцінічнага сектара ў Польшчы сталі рост выдаткаў на ўтрыманне аб'ектаў, узмацненне канкурэнцыі і папулярнасць замежных паездак.

Ключавым фактарам з'яўляецца павышэнне попыту. Падарожжы сталі для людзей больш важнымі, чым раней. Гэта датычыцца ўсіх сегментаў: ад звычайных турыстычных паездак за мяжу да раскошных падарожжаў і актыўнага вывучэння новых месцаў. Другім фактарам стаў рост службовых паездак, трэцім — зацікаўленне новымі рэгіёнамі, як з боку авіякампаній, так і платформаў букінгу. Чацвёрты фактар — лічбавая трансфармацыя: рэзервацыя праз інтэрнэт-сайты і прыкладанні стала прасцейшай, што дадаткова матывуе планаваць падарожжа.

Не менш важнымі аказаліся гнуткія ўмовы адмены браніравання. Турысты ахвотней плануюць паездкі загадзя, калі ведаюць, што ў выпадку неабходнасці могуць лёгка адмяніць свае планы.

Эксперты лічаць, што прыбытак у памеры 1,61 трыльёна долараў не стане адзіночным феноменам. Тэндэнцыі паказваюць на далейшы рост турыстычнага руху. У наступныя гады ўсё большую ролю будзе адыгрываць устойлівы турызм, актыўныя і пазнавальныя падарожжы. Рэгіёны, якія робяць акцэнт на адказным развіцці і падтрымліванні балансу ў прыродным асяроддзі, будуць прыцягваць больш турыстаў, свядомых наконт уплыву сваіх падарожжаў на планету і клімат.

нг