Беларуская Служба

Польшча газіфікуецца. Доля газу ў энергетычным балансе на рэкордным узроўні

21.01.2025 10:40
2287 ГВт-г. — гэта самы вялікі аб'ём вытворчасці электрастанцый на газу ў гісторыі Польшчы. 
Ілюстрацыя evgenii mitroshin/ Shutterstock

Паводле дадзеных выдання Przegląd Węglowy, у лістападзе 2024 года польскія электрастанцыі вырабілі 15,2 ТВт-г. энергіі. Як гаворыцца ў даследаванні, доля асобных крыніц у валавой выпрацоўцы электраэнергіі на той момант была наступнай: каменны вугаль — 40%, буры вугаль — 19%, вецер — 16%, газ — 15%, біямаса — 4,8%, энергія сонца — 2%,  вада  — 0,7%, іншае — 1,5%.

Доля газу ў энергетычным балансе Польшчы ў апошнія гады істотна ўзрасла ў сувязі з пашырэннем вытворчых магутнасцяў і зніжэннем цэнаў на гэта паліва. 2287 ГВт-г. — гэта самы вялікі аб'ём вытворчасці электрастанцый на газу ў гісторыі Польшчы. Для параўнання, у лістападзе 2023 года на газу было выраблена 1790 ГВт-г.

Przegląd Węglowy удакладняе, што ў лістападзе мінулага года ў агульнай складанасці 4/5 энергіі былі вырабленыя з традыцыйных паліў.  Адначасова здабыча каменнага вугалю ў лістападзе склала 3,89 млн тон, а рэалізацыя — 4 млн тон. 

Занятасць у горназдабыўной прамысловасці Польшчы ў лістападзе склала 74 379 чалавек, дасягнуўшы самага нізкага значэння ў гісторыі. За месяц у Польшчы з прафесіяй гарняка развіталіся 200 чалавек.

эж