Беларуская Служба

Нямецкая эканоміка можа пацянуць уніз і польскую

08.08.2019 14:50
Рэцэсія, якая закранае нямецкі і глабальны рынкі, завітае таксама ў Польшчу.
Ілюстрацыйны здымакGlow Images/East News

Выданне «Rzeczpospolita» піша пра вельмі адмоўныя дадзеныя аб развіцці нямецкай прамысловасці, якія абнародавала нямецкае ўпраўленне Destatis. Вытворчасць падае, а ў чэрвені падзенне склала 5,2% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага году.

Паводле прагнозаў эканамістаў, рэцэсія ў прамысловасці можа перакінуцца неўзабаве на ўсю эканоміку краіны. Гэта дрэнная навіна для Польшчы, эканоміка якой моцна павязана на нямецкую. Рэцэсія, якая закранае нямецкі і глабальны рынкі, завітае таксама ў Польшчу, хаця яна хутчэй за ўсё будзе не такой вострай, як у заходніх суседзяў палякаў, – мяркуе галоўны эканаміст банку Millenium Гжэгаж Малішэўскі.

Адкуль бярэцца гэтая з’ява? У эканоміцы назіраецца сінусоіда – добрыя часы пераплятаюцца з дрэннымі. Добрая кан'юнктура працягваецца ўжо каля 10 гадоў. Гэта самы доўгі перыяд эканамічнага буму. А дрэвы ж не растуць аж да неба, – піша каментатар выдання.

На працягу апошніх двух-трох гадоў эканамічны рост паскорыўся, на рынку нерухомай маёмасці і біржы растуць спекуляцыйныя бурбалкі. Патрэбны толькі імпульс, каб усё развалілася. Такім імпульсам можа стаць выхад Вялікабрытаніі з Еўразвязу без ніякай дамоўленасці, але таксама гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем.

Цяжка рабіць прагнозы, сітуацыя можа памяняцца. Магчыма, крызіс пачнецца хутка, але магчыма таксама, што Кітаю ўдасца дамовіцца з Амерыкай. Але раней ці пазней чалавецтва і так увойдзе ў перыяд слабой канʼюнктуры.

нг