Банкруцтва глабальнага турыстычнага гіганта «Томас Кук» – гэта праблема не толькі асобных турыстаў, але таксама і дзяржаў. І маецца на ўвазе не Вялікабратнія, краіна паходжання тураператара, але іншыя краіны, куды турфірма масава вазіла турыстаў, напрыклад, Гамбія, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Невялікая краіна Гамбія, якая займае плошчу памерам крыху больш за 10 тыс. км2, размешчаная на заходнім узбярэжжы Афрыкі. З усіх бакоў краіна акружаная Сенегалам, аднак мае доступ да Атлантычнага акіяна, дзякуючы чаму пачала развіваць турызм. ВВП Гамбіі складае каля 1 млрд долараў, прычым 30% даходаў дзяржавы паступае з турыстычнай галіны. Большая ж частка турыстаў, якія прыязджаюць на белыя пясчаныя пляжы Гамбіі, гэта кліенты турбюро «Томас Кук» альбо яго дачынных кампаній.
Паводле статыстычных дадзеных, каля 45% ад колькасці ўсіх турыстаў, якія прыехалі на адпачынак у гэтую афрыканскую краіну, прыбылі з «Томасам Кукам».
Брытанская кампанія, якая 23 верасня аб’явіла банкруцтва, працавала на гамбійскім турыстычным рынку 20 гадоў.
Раней Гамбія была адсталай дзяржавай з эканамічным ростам у 0,4% у 2016 годзе. Кіраўніцтва краіны ў імя развіцця зрабіла стаўку на турызм і гандаль, паляпшаючы адначасова інфраструктуру. Дзякуючы гэтаму эканамічны рост у 2018 годзе склаў 6,6%, а сёлетнія прагнозы называлі лічбу ў 5,4% – як на Афрыку, гэта даволі ўнушальныя лічбы.
Аднак банкруцтва «Томаса Кука» можа прычыніцца да сур’ёзных эканамічных праблем Гамбіі, таму што ўлады ў Банжуле не былі падрыхтаваныя да такога гаспадарчага землятрусу. Пры гэтым Міністэрства інфармацыі Гамбіі (аказваецца, што такая ўстанова існуе не толькі ў Беларусі – рэд.) супакоіла грамадзян, што сур’ёзных эканамічных праблем краіна не зазнае, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
вс