За першыя дзевяць месяцаў 2024 года Беларусь істотна павялічыла аб’ёмы імпарту грузаў з акупаваных тэрыторый Украіны, паведамляе «Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў». Зафіксаваны велізарны рост паставак — больш за 25 тысяч тон, што ў 2,5 разы перавышае сумарныя аб’ёмы за папярэднія чатыры гады.
Як адзначаюць аўтары даследавання, у 2024 годзе прынцыпова змянілася і наменклатура імпартаванага грузу. Калі раней з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь вазілі вугаль, то ў 2024 годзе аснову складае металапракат і вырабы з металу.
Усяго за ўказаны перыяд было адпраўлена 382 вагоны агульнай вагой 25 425 тон.
Падрабязная наменклатура выглядае наступным чынам: лістовая сталь — 13 179 тон; гліна — 5 850 тон; смолы каменнавугальныя — 3 540 тон; лістовыя штрыпсы — 1 380 тон; ліцейны кокс — 526 тон; балкі і швелеры N10-12 — 276 тон; дыябазавыя парашкі — 260 тон; балкі і швелеры іншых тыпаў — 414 тон.
Сярод асноўных атрымальнікаў — найбуйнейшыя беларускія прамысловыя прадпрыемствы: ЗАТ «Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання», ААТ «Керамін», ІТААА «Омск Карбон Магілёў», ААТ «БЕЛАЗ», Мінскі аўтамабільны завод, ААТ «Гомельбудматэрыялы» і іншыя.
Беларусь літаральна скупляе тавар за бесцань. Сабекошт металургічнай прадукцыі на акупаваных тэрыторыях Украіны значна ніжэй за сярэднерынкавы.
Як адзначаюць чыгуначнікі, гэта абумоўлена таннай працоўнай сілай, адсутнасцю строгіх экалагічных і працоўных стандартаў, а таксама магчымасцю працаваць з мінімальнымі накладнымі расходамі.
Непрызнаны статус акупаваных рэгіёнаў дазваляе рэалізоўваць метал без аплаты стандартных падаткаў і экспартных пошлін.
Найбуйнейшым адпраўшчыкам металургічнай прадукцыі з’яўляецца Алчэўскі металургічны камбінат, размешчаны ў Луганскай вобласці. Беларускія прадпрыемствы ахвотна закупляюць метал з акупаваных тэрыторый, аддаючы яму перавагу перад прадукцыяй уласнага вытворцы — ААТ «БМЗ».
euroradio.fm/эж