Беларуская Служба

Вольга Папова: пра дзіцячыя кнігі, натхненне і любоў да Беларусі

22.12.2024 08:03
Дзіцячая пісьменніца і мастачка Вольга Папова любіць жывёл. Заўсёды апекавалася коцікамі, мела сабак і нават каней. І нават навучалася ў ветэрынарным каледжы. Але, нягледзячы на гэта, як сама прызнаецца, яе ўсё мацней цягнула да пакінутых у скрыні фарбаў. 
Аўдыё
  • Вольга Папова: пра дзіцячыя кнігі, натхненне і любоў да Беларусі
Вольга ПаповаФота: П. Залескі, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Дзіцячая пісьменніца і мастачка Вольга Папова любіць жывёл. Заўсёды апекавалася коцікамі, мела сабак і нават каней. І нават навучалася ў ветэрынарным каледжы. Але, нягледзячы на гэта, як сама прызнаецца, яе ўсё мацней цягнула да пакінутых у скрыні фарбаў. У чарговы раз, скардзячыся мужу на тое, як ёй хочацца маляваць, пачула: «Ідзі ў майстэрню, жанчына! Тваё месца за мальбертам!». Гэтымі днямі Вольга Папова прадстаўляе сваю апошнюю кнігу перад чытачамі ў Польшчы. З ёй пагутарыў наш карэспандэнт.

Мора, якое пайшло ў вакацыі

— Вольга, вы з’ехалі ў эміграцыю ў Грузію. А што вас зараз прывяло ў Польшчу?
— Мы прыехалі ў Польшчу, бо вельмі хацелі пабачыцца са сваімі сябрамі. Лёс склаўся так, што большасць з іх якраз жывуць у Польшчы. Ну і справы тут былі — я праводжу прэзентацыю сваёй апошняй кнігі «Мора ў горадзе».

— Раскажыце пра вашу апошнюю кнігу.

— Апошняя мая кніга завецца «Мора ў горадзе» або «Зышло на вакацыі цэлае мора». Гэта кніжка для дзетак малодшага школьнага ўзросту і іх бацькоў пра мора, якому надакучыла сядзець на адным месцы. Яно забралася ў вядро і разам са сваім сябрам паехала ў далёкі ад мора горад. Ну і далей там шмат прыгодаў, піраты, якія рушылі на яго пошукі…

— Колькі ў вас наогул ужо выйшла кніжак?
— Чатыры на дадзены момант.

— І ўсе дзіцячыя?
— Так.

— Сюжэт вашай кніжкі пра гэта мора, якое сабралася ў вядро і з’ехала — адкуль гэта ўсё?
— Калі б я сама ведала… Аднекуль прыходзіць, магчыма, з космасу. Вось часам сядзіш, а ў галаве нібыта нейкі шлюз, ён адкрываецца, і адтуль сюжэты лезуць, розныя малюнкі. Карацей кажучы, усё што заўгодна. Галоўнае, каб хапіла часу ўсё гэта апрацаваць, запісаць і намаляваць.

Як працуе казачніца і мастачка

— А як у вас наогул працоўны працэс адбываецца?

— Дома працую. Кніжкі пішу за ноўтбукам, а ілюстрацыі раблю на планшэце. У Беларусі ў мяне была майстэрня, у якой я займалася жывапісам. Пісала дзіцячыя карціны алеем, акрылам. Зараз, на жаль, гэта немагчыма, а таму пераважна займаюся ілюстрацыямі.

— Як вашы кніжкі і малюнкі ўспрымаюць вашы чытачы, канешне, найперш дзеці?

— Пазітыўна ўспрымаюць, дзеткам падабаецца. Майму сыну таксама, і я на ім усё тэстую. Усё, што пішу сама, і тэксты, якія мне дасылаюць для ілюстрацый, — ён першы тэстары. Ды і дзеткі звычайна падчас сустрэч слухаюць уважліва мае фантазіі, негатыўных водгукаў яшчэ не было.

— Дзіцячая літаратура ў нас была не тое, што ў цені, але яе было не так шмат, яна не настолькі была папулярнай, а вы якраз пішаце дзіцячую літаратуру. Чаму?
— Мне падабаецца пісаць дзіцячыя казкі, можа таму, што я сама яшчэ ніяк не дарасту да даросласці. Проста дзіцячыя сюжэты прыходзяць у галаву, і такія пішу. Я заўсёды збірала дзіцячыя кніжкі і да нараджэння сына, і пазней. Так, вядома, калі параўноўваць з той жа расійскай дзіцячай літаратурай альбо польскай, у нас падобных кніг значна меней. Але калі не будзем пісаць, то іх наогул не будзе.

— А як наогул вы ацэньваеце стан дзіцячай беларускай літаратуры?

— Зараз ёсць каму пісаць кнігі. Складана іх выдаць, бо выдаўцоў няшмат, аўтары робяць гэта за свае грошы, ды і попыт на іх не такі вялікі, як хацелася б. Вось нейкі час быў пад’ём попыту на дзіцячую літаратуру, асабліва пасля 2020 года. А зараз назіраецца спад. На апошняй «Прадмове» мы са спадаром Янушкевічам абмяркоўвалі гэтае пытанне і прыйшлі да думкі, што, магчыма, беларускія дзеткі інтэгруюцца ў польскія школы, іншыя школы, ім даводзіцца шмат кантактаваць на замежных мовах, а беларуская застаецца недзе ў цені.

Я ўмею толькі дзве справы

— Акрамя таго, што вы пішаце папулярныя дзіцячыя кнігі, вы яшчэ і ілюструеце кнігі. А гэта адкуль? Гэта значыць, калі майстар на ўсе рукі, то ўсё можа рабіць?
— Насамрэч я ўмею ўсяго дзве справы: пісаць дзіцячыя кніжкі і маляваць. Ёсць шмат людзей, якія ўмеюць рабіць значна больш і адначасова. Першапачаткова я мастачка, бо займаюся гэтым значна больш, чым пачала пісаць кніжкі. Хаця я з дзяцінства любіла прыдумваць розныя гісторыі, але пісаць пачала значна пазней, чым выстаўляцца. Апошнім часам рабіла ілюстрацыі для кніжак Маляваныча.

Пра натхненне і любімыя кнігі

— Што вас натхняе, калі робіце ілюстрацыі для кніжак іншых аўтараў?
— Цікава паспрабаваць пагрузіцца ў нейкі яго свет, пабачыць яго вачыма гісторыю. І добра, калі погляды аўтара і ілюстратара супадаюць. Калі працавалі з Маляванычам, ён мне паказваў, у якіх тэхніках яму падабаюцца ілюстрацыі, разам падбіралі каляровыя гамы, каб яму падабалася, персанажаў разам прапрацоўвалі. Гэта цікавая праца. У нейкім сэнсе ілюстраваць свае кнігі прасцей, бо ў галаве ўжо склалася дакладнае ўяўленне, і застаецца толькі яго перанесці на паперу. З іншым аўтарам крыху складаней, але ў тым і цікавасць.

— Свае кніжкі вы таксама ілюструеце самі?
— Так.

— Не хацелі б даверыць гэта іншаму мастаку?
— Пакуль адзін мой аповед ілюстравала іншая аўтарка — «Аповед пра вакно, якое глядзела ў космас». Гэта ўвайшло ў адзін агульны зборнік, і так атрымалася, што рэдактар гэтага зборніка разам з мастаком абралі мой аповед пад ілюстрацыю на вокладцы. Ёсць яшчэ адна казка, якую начытваў Маляваныч, «Пра начную барашку», і ілюстрацыю для яе маляваў Андрусь Такіндам.

— Якая ў вас любімая дзіцячая кніжка?
— О, у мяне іх такі вялізны спіс. Першае, што ўзгадваецца з такога пяшчотнага дзяцінства, калі яшчэ мама чытала, — гэта кніжка Ірыны Такмаковай «Шчаслівы Івушкін». Захацелася яе перачытаць, бо ўспаміны засталіся вельмі чароўныя. А зараз з сучасных аўтараў мне вельмі падабаецца Фрэдрык Бакман. Я яго кніжкі перачытала і пераслухала і вельмі іх люблю.

 

Пра дзяцей, эміграцыю і новыя ідэі

— Вы цяпер жывяце ў эміграцыі. Тым не менш часта маеце спатканні з дзецьмі на вашых прэзентацыях, разам малюеце. З вашага пісьменніцкага назірання, як змяняюцца нашы дзеці ў эміграцыі? Як яны сябе тут адчуваюць?

— Шчыра кажучы, у эміграцыі я не так шмат часу займаюся з дзеткамі. Але з таго, што бачу, дзеці цудоўна прыстасоўваюцца да ўсяго новага. Вось такі ўзрост, з якім я працую — 7–12 гадоў, мне здаецца, у такім узросце любыя перамены даюцца лёгка, яны ўспрымаюцца як прыгоды. Іншае пытанне, што дзеткі з Украіны, у якіх значна складанейшы досвед, чым у беларускіх... Вось з імі, я, шчыра кажучы, не ведаю, як гэта адбываецца. У беларускіх дзетак я не заўважыла нейкіх праблем.

— А вам ніколі не хацелася напісаць кнігу для дарослых?

— Вядома, хацелася. І большасць сваіх казак я хацела б чытаць і дарослым. Вось зараз у нас у Познані сустрэча толькі для дзетак, але ў іншых гарадах мы робім сустрэчы і для дарослых. Дарослым я чытаю крыху іншыя свае казкі, якія прымушаюць больш паразважаць. Дарэчы, псіхолагі называюць іх тэрапеўтычнымі. Калі мы яшчэ жылі ў Беларусі, мяне двойчы запрашалі выступаць на псіхалагічным фестывалі з чытанкамі. І мне таксама вельмі падабаецца працаваць з дарослай аўдыторыяй.

— Колькі часу вы ўжо ў эміграцыі?

— Паўтара года?

— Сумуеце па Беларусі?

— Вельмі, вельмі, асабліва па сваім доме.

— Вы ўсёй сям’ёй выехалі?

— Так, з мужам і сынам.

— А што вам найбольш хочацца напісаць цяпер, калі з’явіўся гэты новы жыццёвы досвед?

— У мяне столькі задумак, пра што напісаць, што я сябе спецыяльна стрымліваю, каб не прыдумляць нешта новае, бо на гэта не хопіць часу. Але, вядома, і ў новых умовах, і ў вандроўках шмат новых уражанняў, розных сюжэтаў, думак. Пэўна, у мяне такі склад светаўспрыняцця, што ў асноўным гэта ўсё пазітыўнае. Быў бы час усё гэта зрабіць. Планаў пісаць ужо на дзесяць гадоў наперад маю.

— Што вам найбольш узгадваецца з вашага дзяцінства?

— У мяне вельмі шмат успамінаў з дзяцінства. Самае ранняе — калі мне яшчэ не было трох гадоў. Я з пэндзлікам нешта малюю на паперы, і гэта такое задавальненне. У мяне было цудоўнае дзяцінства і цудоўныя бацькі, якія мне давалі шмат свабоды, каб сябе праяўляць, не заціскалі мяне ў нейкія рамкі. Заўсёды любіла прыроду, заўсёды пры магчымасці збягала ў лес, любіла вандроўкі ў іншыя краіны, некуды на возера, на мора. Такое насычанае дзяцінства, што цяжка нешта канкрэтнае вылавіць, але эпізодаў шмат.

— Дзякуй за гутарку, Вольга.

Павел ЗАЛЕСКІ