«Інавацыі 2021» – гэта агульнанацыянальны рэйтынг Польскага радыё, у які ўвайшлі інавацыйныя праекты, якія рэалізуюцца польскімі кампаніямі. Экспертнае журы адзначыла ўзнагародамі лепшыя экалагічныя, сацыяльныя рашэнні, а таксама самыя інавацыйныя паслугі і якасныя высокатэхналагічныя рашэнні.
Усіх лаўрэатаў першага рэйтынгу «Інавацыі» мы пазналі 26 сакавіка падчас спецыяльнага эфіру Трэцяй праграмы Польскага радыё.
Былі вылучаныя наступныя катэгорыі ўзнагародаў «Інавацыі 2021»:
- Лепшае экалагічнае рашэнне
- Лепшае сацыяльнае рашэнне
- Лепшае сэрвіснае рашэнне
- Лепшае канструктарскае рашэнне.
Кіраўнік журы конкурсу «Інавацыі 2021», старшыня праўлення Польскага агенцтва друку Войцех Сурмач падкрэслівае, што палякі заўжды шлі ў нагу з часам:
- Інавацыі прыспяшаюць развіццё гаспадаркі. Палякі на працягу сваёй гісторыі ня раз дэманстравалі паспяховыя навукова-тэхнічныя рашэнні. З гэтае прычыны мы адважыліся паглыбіць нашыя веды на гэтую тэму, але ў сучасным вымярэнні. Колькасць і якасць удзельнікаў конкурсу нас прыемна ўразіла. Ідэі, рашэнні, ноу-хау, якія мы вырашылі адзначыць у першым конкурсе «Інавацыі» выклікаюць захапленне, а людзі, якія за гэтым стаяць, выклікаюць вялікую павагу. Над сваімі праектамі яны працавалі шмат гадоў. Мы можам ганарыцца нашымі прадпрымальнікамі і навукоўцамі, людзьмі, якія нярэдка ахвяруюць сваім жыццём дзеля задумы, навуковага праекту. Гэта была надзвычай цікавая праца, адбіраць праекты да конкурсу «Інавацыі 2021». У сваім жыцці я ўкладаў шмат розных рэйтынгаў, аднак адбіраючы пераможцаў першага конкурсу Польскага радыё «Інавацыі 2021» я быў па сапраўднаму шчаслівы. Радаваўся, як дзіцё, чытаючы цікавыя праекты, можна сказаць, наноў адкрываў нашу рэчаіснасць.
У намінацыі «Лепшае сацыяльнае рашэнне» перамог праект Inker, які распрацоўваецца міжнародным кансорцыумам. Ян Хэрбст з фонду «Суднаферфі», які ўдзельнічае ў праекце, сказаў, што мэта праекта Inker заключаецца ў тым, каб выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі для паляпшэння жыцця сталых людзей:
-У пэўным сэнсе гэта надзвычайнае здарэнне. Людзі старэйшага ў найменшай ступені карыстаюцца здабычамі тэхналагічнай рэвалюцыі, якая толькі набірае моц. Цяпер мы намагаемся распаўсюдзіць такія рашэнні, якія дапамогуць нам ліквідаваць узроставы разрыў у выкарыстанні сучасных тэхналогіяў. Мы распрацоўваем сістэмы, якія, напрыклад, дапамогуць старэйшым сачыць за станам свайго здароўя, за парадкам у доме, пільнаваць календара. Асобна варта падкрэсліць, што таксама мы распрацоўваем блок рашэнняў, якія дазволяць сталым аблегчыць камунікацыю і выкрыццё разнастайных пагрозаў.
У катэгорыі «Сэрвіснае рашэнне» лепшай апынулася, распрацаваная Польскім фондам развіцця і Саюзам польскіх гарадоў, антыкрызісная платформа тэхналагічных рашэнняў. Прадстаўніца Польскага фонду развіцця Эліза Кручкоўская распавяла, што дзякуючы платформе ў функцыянаванні органаў мясцовага самакіравання ўдалося вырашыць 60 разнастайных задач:
-Пачынаючы з красавіка 2020 года мы правялі некалькі дзясяткаў сустрэч, у тым ліку ў Сеціве. Падчас якіх, злучалі пастаўшчыкоў праграмнага абсталявання і прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання. Усё дзеля таго, каб трывала вырашаць канкрэтныя праблемы ў абслугоўванні нашых грамадзянаў.
У катэгорыі «Лепшае канструктарскае рашэнне» найбольшую колькасць галасоў журы атрымалі канструктары машыны для збору валуноў і камянёў з палеткаў маркі Husarya. Адзін з вынаходнікаў Марцін Галэмбоўскі падкрэсліў, што прылада вельмі спатрэбіцца фермерам:
-Няма такіх кадраў, якія б хацелі выконваць такую цяжкую і нудную працу. Праблема камянёў на палях вельмі распаўсюджана. У Польшчы яны сустракаецца на 30% пашавых зямель, аднак у свеце, нават у Еўропе ёсць краіны і рэгіёны, дзе гэта праблема датычыць 90% палеткаў.
Біяпалімерная плёнка з чырвонага багавіння прызнана лепшым праектам у намінацыі «Лепшае экалагічнае рашэнне». Такая плёнка зможа замяніць пластыкавыя ўпакоўкі. Тэхналогію натуральнай упакоўкі распрацавала доктар інжынерыі Эвеліна Ярмуз з Сельскагаспадарчага ўніверсітэту ў Кракаве. Вучоная распавяла, што біяпалімерная плёнка вырабляецца з рэчыва фурцелераном, атрыманага з чырвонага багавіння:
-Багавінне выдабываецца з нашага Балтыйскага мора. Нашая плёнка заменіць сінтэтычныя палімеры, то-бок, усе гэтыя пластыкавыя торбы. Вельмі хачу, каб наша біяпалімерная плёнка стала цікавай альтэрнатываў для ўсіх гэтых пластыкавых торбаў. Гэта карысна для экалогіі і для нас, бо біяпалімерная плёнка ядомая!
Асноўнай мэтай рэйтынгу і ўзнагарод Польскага радыё «Інавацыі 2021» з'яўляецца прасоўванне польскіх тавараў і паслуг, а таксама падтрымка айчынных прадпрымальнікаў, якія спрыяюць развіццю польскай эканомікі. Польскае радыё адзначыла найбольш цікавыя інавацыйныя рашэнні тэхнічнай думкі.
Ганаровым спонсарам конкурсу былі Міністэрствам развіцця, працы і тэхналогіяў і Міністэрствам дзяржаўных актываў. Медыяпартнёрам конкурсу «Інавацыі 2021» было Польскае агенцтва друку.
Слухайце аўдыё!
эж