Кіруючая партыя ў Польшчы «Права і справядлівасць» заявіла аб спрашчэннях на будаўніцтва дамоў плошчай да 70 квадратных метраў. Гэта новая сацыяльна-эканамічная праграма ПіС, якая будзе рэалізавана ў бліжэйшыя два гады.
«Мы ўвядзем магчымасць будаўніцтва дамоў плошчай да 70 квадратных метраў без дазволу на будаўніцтва, без дакументаў з зямельнага і іпатэчнага рэестра. Не будзе патрэбна наймаць кіраўніка пабудовы, дастаткова будзе падаць заяву аб пабудове дома і мець ўчастак», – растлумачыў лідэр ПіС Яраслаў Качыньскі.
Гэтыя спрашчэнні адносяцца да дамоў з плоскім дахам і невялікім гарышчам, якое часткова можна будзе выкарыстаць для жыллёвых мэтаў. Агулам такі дом можа забяспечыць амаль 90 м2 жылой плошчы.
У прыватнасці, гэтага віду дамы найчасцей будуюцца на вёсках з выкарыстаннем так званай эканомнай сістэмы будаўніцтва. Кіруючыя сёння ў Польшчы лічаць, што такім чынам ствараюць палякам магчымасць прыдбаць уласны дом за адносна невялікія сродкі – 100 тыс злотых ($28,5 тысячы).
Гэтая прапанова з'яўляецца часткай праграмы «Новы польскі парадак», які агулам уключае 10 напрамкаў: План «Здароўʼе», «Сумленная праца – годная плата», «Сямʼя і дом у цэнтры ўвагі», «Польшча – наша зямля», «Прыязная школа і культура на новае стагоддзе», «Добры клімат для кампаній», «Чыстая энергія – чыстае паветра», CyberPoland 2025, «Залатая восень жыцця».
яс