Без падтрымкі з боку бізнесу спартоўцы не маглі б дасягаць сваіх вынікаў. Гэтую залежнасць разумеюць фірмы, і таму ў 2021 годзе падтрымка спорту становіцца важнейшай часткай інвестыцый кампаній, чытаем у газеце Rzeczpospolita. Найбольш ахвотна падтрымліваюць польскіх спартоўцаў фірмы, звязаныя з вытворчасцю энергіі і паліва. Да таго ж сваю долю маюць банкі, страхавыя кампаніі і букмекеры. Паводле адмыслоўцаў, павелічэнне паступленняў на банкаўскія рахункі клубаў і індывідуальных спартоўцаў звязаныя з хуткім развіццём новага віду спорту – е-спорту, які прыцягвае ўвагу не толькі заўзятараў, але і буйных кампаній.
Лідарам сярод спонсараў у Польшчы з’яўляецца нафта-паліўны канцэрн Orlen. Прымысловы гігант інвестуе ў майстраў спорту не толькі ў Польшчы, але і за мяжой. Самым вядомым прыкладам з’яўляецца яго ўдзел у камандзе Формулы 1 Alfa Romeo Racing Orlen, на балідзе якой ездзіць польскі кіроўца Робэрт Кубіца. Выдаткі на спорт павялічваюцца разам з вынікамі спартоўцаў. Так, напрыклад, пасля перамогі тэнісісткі Ігі Сьвёнтак у прэстыжным French Open у яе поспех інвеставаў фінансава-страхавая кампанія PZU. Польскія футбалісты, якія праз два тыдні сыграюць першы матч Чэмпіянату Еўропы, атрымаюць фінансавую падтрымку ў заленасці ад вынікаў: чым лепш, тым больш. А ўжо месяцам пазней пачнуцца Алімпійскія гульні ў Токіа, на якіх галоўным спонсарам польскай каманды з’яўляецца зноў жа Orlen. Кампанія разлічвае, што дзякуючы польскім спартоўцам яе брэнд стане вядомы далёка па-за межамі краіны, чытаем у газеце Rzeczpospolita.
аев