Беларуская Служба

У ліпені інфляцыя ў Польшчы склала 10,8%

01.08.2023 13:31
Згодна з прагнозамі эканамістаў, у 2024 годзе інфляцыя захаваецца на высокім узроўні і будзе складаць у сярэднім крыху менш за 8%.
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock/Prostock-studio

У ліпені інфляцыя ў Польшчы склала 10,8% у гадавым вымярэнні. Такую аператыўную ацэнку абнародавала Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы. У параўнанні з папярэднім месяцам спажывецкія тавары і паслугі патаннелі на 0,2 працэнта.

У чэрвені спажывецкія тавары і паслугі падаражэлі на 11,5 працэнта ў параўнанні з адпаведным перыядам 2022 года. Эканаміст Сяргей Дручын адзначыў, што гэта ўжо пяты месяц запар, калі тэмпы росту коштаў запавольваюцца: 

-У параўнанні з пікам, зараз інфляцыя ніжэйшая больш чым на 7,5%. У найбліжэйшыя месяцы тэмп падзення інфляцыі знізіцца. У верасні паказчык наблізіцца да 10 працэнтаў. Рост коштаў на нафтавых і спажывецкіх рынках будзе зніжаць маштаб запаволення. Дадзеныя статыстыкі паказваюць – у ліпені амаль 70% рэспандэнтаў былі ўпэўненыя ў тым, што кошты будуць расці павольней або ў такім жа тэмпе.

Згодна з прагнозамі эканамістаў, у 2024 годзе інфляцыя захаваецца на высокім узроўні і будзе складаць у сярэднім крыху менш за 8%. Падобныя тэндэнцыі назіраюцца ў  многіх эканоміках краін рэгіёна.

iar/эж


Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі