Беларуская Служба

Беспрацоўе ў жніўні склала 5 працэнтаў

26.09.2023 08:45
У канцы года яго ўзровень складзе 5,1 працэнта пры колькасці беспрацоўных – 800 тысяч чалавек, прагназуюць аналітыкі.
Працаjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Беспрацоўе ў жніўні засталося на такім жа ўзроўні, як і ў ліпені, то бок склала 5 працэнтаў, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы. Колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у жніўні ў службах занятасці склала 782,5 тысяч чалавек.

Колькасць прафесійна занятых, якая ў жніўні складала каля 14 мільёнаў 868 тысяч чалавек была на 157 тысяч або на 1,07 працэнта большая, чым год таму.

Якуб Рыбацкі(Jakub Rybacki) з Польскага эканамічнага інстытута сказаў, што колькасць беспрацоўных сістэматычна змяншаецца ў большасці ўзроставых групаў:

- Эканамічнае запаволенне прычыняецца да таго, што асобам, якія толькі ўваходзяць на рынак працы, больш складана пачаць прафесійную кар’еру. Колькасць беспрацоўных ва ўзроставай групе да 30 гадоў утрымліваецца на ўзроўні з 2022 года. Скарачаецца колькасць беспрацоўных у групе 30-50 гадоў. Стабільная сітуацыя на рынку працы адлюстроўваецца ў колькасці прапановаў працы. У жніўні службы занятасці атрымалі 95 тысяч заявак аб вакансіях. Гэта на 2,3 працэнта менш, чым год таму. Скарачэнне тычыцца, перш за ўсё, публічнага сектара.

У сваю чаргу, паводле апошніх дадзеных «Еўрастата», які выкарыстоўвае іншую метадалогію падліку дадзеных, беспрацоўе ў Польшчы ў ліпені склала 2,8 працэнта. Нагадваем, сярэдняя па Еўрасаюзе складае 5,9 працэнта.

Эксперты Нацыянальнай гандлёвай палаты адзначылі, што сітуацыя на рынку працы паляпшаецца вясной і летам па сезонных прычынах. Станоўчы ўплыў на рынак працы аказвае попыт на сезонных работнікаў у будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, турыстычных паслугах. У наступныя месяцы гэты фактар будзе ўздзейнічаць на рынак працы ў Польшчы слабей.

«Цяпер у нас лакальны мінімум зарэгістраванага беспрацоўя. Чакаем, што ў канцы 2023 года яго ўзровень складзе 5,1 працэнта пры колькасці беспрацоўных у 800 тысяч чалавек«, – прагназуюць аналітыкі.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

У жніўні беспрацоўе ў Польшчы склала 5 працэнтаў

25.09.2023 11:45
Польшча апынулася ў групе краін Еўрасаюза з найменшай колькасцю беспрацоўных.