Беларуская Служба

Эксперт: Першая АЭС у Польшчы не раней, чым у 2036 годзе

30.01.2024 10:45
Паводле эксперта па энергетыцы Даніэля Чыжэўскага, выкананне тэрміну 2033 года малаверагоднае.
Здымак мае ілюстрацыйны характарFoto: distelAPPArath/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя абвясціла, што няма падстаў для змены месца размяшчэння першай польскай АЭС. Як падкрэсліваецца, рашэнне аб размяшчэнні электрастанцыі ў гміне Хачэва (Choczewo) у Памор’і – канчатковае.

Паводле міністэрства, змена месца будаўніцтва азначала б распачацце ўсяго працэсу з самага пачатку, уключна з даследаваннямі, якія вяліся з 2017 года. Паводле ведамства, гэта азначала б адтэрміноўку ўсёй інвестыцыі на, як мінімум, 10 гадоў.

Эксперт у галіне энергетыкі Даніэль Чыжэўскі кажа, што ўсе астатнія краіны ў Еўропе і свеце адкрываюць новыя энергаблокі, а Польшча надалей задумоўваецца над месцам размяшчэння сваёй першай АЭС:

- Толькі нядаўна мы атрымалі дазволы і заключылі кантракт з кансорцыумам кампаній. З пачатковай стадыі мы ўвайшлі ў другую стадыі і можам пачынаць будаўніцтва. Мы павінны пакінуць пытанне будаўніцтва АЭС па-за бягучай палітыкай і спрэчкамі.

Незалежна ад таго, хто будзе кіраваць у Польшчы, наша эканоміка будзе патрабаваць усё больш энергіі.

Нагадваем, паводле афіцыйных планаў, тэрмін запуску першай АЭС у Польшчы – гэта 2033 год, аднак паводле эксперта, ён малаверагодны:

- У еўрапейскіх умовах выкананне гэтага тэрміну выглядае малаверагодна. Паводле працэдураў ЕС ва ўмовах еўрапейскай эканомікі будаўніцтва займае 12-16 гадоў. Таксама заўсёды бываюць затрымкі.

Паводле эксперта, больш рэальны тэрмін – гэта 2035-2036 гады і гэта пры ўмове, што работы па рэалізацыі інвестыцыі пачнуцца неадкладна.

Нагадваем, першая польская АЭС павінна складацца з трох энергаблокаў з рэактарамі AP1000, распрацаванымі амерыканскім кансорцыюмам Westinghouse.

PR24/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Нягледзячы на ​​вайну, Украіна інвестуе ў атамную энергетыку і зрабіла такі ж выбар, як Польшча

24.01.2024 12:07
Гаворка ідзе пра пастаўку амерыканскага рэактара AP1000 на Хмяльніцкую АЭС.