Беларуская Служба

Польскія кампаніі ўдзельнічаюць у частковым аднаўленні знішчанай расіянамі інфраструктуры Украіны

23.07.2024 07:00
Маштабная адбудова пачнецца пасля заканчэння баявых дзеянняў.
Аўдыё
  • Удзел польскіх прадпрыемстваў у адбудове Украіны.
          .  :   .
Адбудова Украіны будзе каштаваць каласальных сродкаў і не ўсё ўдасца аднавіць. На фота: разбураны расіянамі Бахмут. Фота: РИА Новости

Пакуль ва Украіне ідзе вайна з Расіяй, цяжка казаць пра поўнамаштабную адбудову знішчанай інфраструктуры дзяржавы. Але ўкраінцы вядуць ужо так званую «малую адбудову», аб чым распавядае госць нашага эфіру.

Паводле падлікаў, вынікі якіх былі абнародаваныя ў снежні 2023 года, кошт пасляваеннага аднаўлення Украіны складзе як мінімум 486 мільярдаў долараў ЗША. Гэта каласальныя сродкі, але на пачатку будуць патрэбныя меншыя сумы. У працэсе адбудовы, які ўжо ідзе на падкантрольнай украінскім уладам тэрыторыі, прымаюць удзел таксама польскія прадпрыемствы, аб чым гаворыць віцэ-старшыня Польска-Украінскай эканамічнай палаты Дарыюш Шымчыха (Dariusz Szymczycha).

- Украіна вядзе «малую адбудову», гэта значыць, аднаўленне тых частак разбуранай інфраструктуры ў жыллёвым будаўніцтве і паслугах, якая неабходная для жыцця. Летась на гэтыя мэты выдаткавалі звыш 10 млрд долараў. Гэта адбудова чыгуначных ліній, некаторых мастоў, дарог і будынкаў. Канешне, гэта не той маштаб, пра які мараць украінцы, але ва ўмовах вайны гэты працэс вельмі складаны. Па-першае, расійскія атакі паўтараюцца, таму аб’екты зноў могуць быць знішчаны, а па-другое, не хапае рабочых рук. Мужчыны чакаюць павестку ў армію, здараюцца перапынкі ў пастаўках электраэнергіі. Тым не менш, Украіна збірае інфармацыю пра маштаб разбурэння. У лютым паведамлялі пра каля 500 млрд долараў страт і знішчэння. Гэта як фізічнае разбурэнне аб’ектаў, так і страты ад немагчымасці выканаць планы. Гэта грандыёзная сума, якую можна параўнаць з трыма планамі Маршала пасля Другой сусветнай вайны. Але трэба быць рэалістамі – маштабная адбудова пачнецца пасля заканчэння ваенных дзеянняў. На адзін год на гэтыя мэты патрэбныя некалькі дзясяткаў мільярдаў долараў, якія магчыма сабраць дзякуючы падтрымцы свабоднага свету, дзякуючы міжнародным фінансавым установам і перадачы замарожаных расійскіх актываў.

Ці польскія фірмы ўжо ўдзельнічаюць у аднаўленні краіны, ці пакуль што яны толькі назіраюць за тым, што адбываецца і чакаюць заканчэння вайны?

– Нямала польскіх фірмаў пачалі працаваць ва Украіне яшчэ пасля 2014 года. Многія там засталіся, яны пастаўляюць будаўнічыя матэрыялы і такім чынам удзельнічаюць у малым аднаўленні Украіны. Таксама яны падтрымліваюць дзяржаўны бюджэт Украіны, паколькі плацяць там падаткі. У сваю чаргу, у будаўніцтве канкрэтных аб’ектаў, скажам, мосту ці будынку, польскія прадпрыемствы не ўдзельнічаюць, паколькі гэтыя тэндары маюць адносна невялікую каштоўнасць, трэба адказваць на іх вельмі хутка. Удзел у такіх малых працах не аплачваецца. Польскія фірмы рыхтуюцца да больш маштабных праектаў, звязаных са сродкамі Еўрасаюза. Мы спадзяемся, што на фінансаванне гэтых праектаў будуць выдзеленыя сродкі са спецыяльнага фонду. Польскія фірмы стараюцца таксама быць прысутныя ва Украіне - удзельнічаюць у розных эканамічных падзеях, канферэнцыях. Такім чынам яны знаёмяцца з юрыдычнай рэальнасцю краіны, якая адрозніваецца ад польскай. Акрамя таго, на такім рынку лепш за ўсё знайсці мясцовага партнёра, з якім можна будзе супрацоўнічаць. Яны ведаюць мясцовыя рэаліі, маюць адпаведную тэхніку і выдатных інжынераў.

Польшча вельмі актыўна ўключылася ў дапамогу Украіне адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Яна прымае ваенных бежанцаў, пастаўляе тэхніку і боепрыпасы ўкраінскай арміі. Ці польскія кампаніі могуць разлічваць на больш прыхільнае стаўленне падчас працэсу адбудовы краіны?

-Я жартую, успамінаючы, што калісьці пры паступленні ў ВНУ былі балы за паходжанне – з рабочай ці сялянскай сям’і. Цяпер такіх балаў няма, у тэндарах усе роўныя. Трэба мець добрую прапанову і досвед. Польскія кампаніі маюць багаты досвед, паколькі яны выдатна перабудавалі нашу краіну перад уваходам Польшчы ў ЕС і пасля яго. Тым не менш, нельга забываць, што аднаўленне Украіны павінна служыць перш за ўсё ўкраінцам – павышаць узровень жыцця, вяртаць нармальнае функцыянаванне населеных пунктаў. Я заўсёды кажу, што мы павінны ўдзельнічаць у тэндарах і шукаць лакальных партнёраў, каб умацоўваць мясцовае прадпрымальніцтва. Польскія прадпрымальнікі не будуць мець балаў «за паходжанне», але на пэўна будзе заўважана адвага польскіх бізнесменаў і падабенства нашых культур. Мы ў Польска-Украінскай палаце сустракаемся з запытамі замежных кампаній, якія намераны ўдзельнічаць у працэсе аднаўлення Украіны і шукаюць польскіх партнёраў. У іх ёсць ноу-хау, капітал, але яны шукаюць добрых польскіх падрадчыкаў.

Велізарнай праблемай украінскага бізнесу, як і палітычнага жыцця, з’яўляецца карупцыя. Ці ўдаецца з ёй эфектыўна змагацца, без чаго цяжка будзе казаць пра ўвядзенне заходніх стандартаў. Ці дастаткова ўкраінцы робяць у гэтай сферы? Больш за тое, вайна можа яшчэ і ўзмацніць такія негатыўныя з'явы.

- Сапраўды, карупцыя – гэта вялікая праблема, але на сённяшні дзень большай праблемай для эканомікі з’яўляецца недахоп электраэнергіі. Карупцыя ёсць, але, дзякуючы падтрымцы міжнародных устаноў, Украіна збудавала даволі эфектыўную антыкарупцыйную сістэму. Прыклады апошніх месяцаў – адстаўка міністра нацыянальнай абароны, затрыманне некалькіх дырэктараў у мінабароны, затрыманне намесніка кіраўніка генеральнай пракуратуры і г.д. Ёсць гучныя выпадкі карупцыі, з якімі ўлады змагаюцца. Праўда, горшая карупцыя на больш нізкім узроўні, але тут таксама назіраецца значнае паляпшэнне сітуацыі, дзякуючы муніцыпальнай рэформе, дэцэнтралізацыі ўлады. Між іншым, дзякуючы прамым выбарам, на месцах паявіліся лідары, якіх ведаюць мясцовыя жыхары і якія як правіла не звязаныя з палітычнымі партыямі. Я бачу, што кантакты з муніцыпалітэтамі перайшлі на зусім іншы якасны ўзровень. Важна таксама тое, што ў выніку вайны ў палітыку ўваходзіць вельмі шмат жанчын. А ўсюды там, дзе ёсць жанчыны, карупцыя змяншаецца. Нельга забываць, што карупцыянер бярэ, але хтосьці яму дае хабар. Таму мы перасцерагаем прадпрымальнікаў, каб яны заўсёды дзейнічалі згодна з законамі.

Вы сказалі, што вялікай праблемай для Украіны з’яўляецца недахоп энергіі. У Польшчы кажуць пра магчымасць перадачы Украіне электраэнергіі, атрыманай са спаленага вугалю, якога тут вялікія лішкі. Ці гэта добрая ідэя?

- Дзеля гэтага неабходна мець адпаведную інфраструктуру, якой, на жаль, няма. Мы будзем пастаўляць электрычнасць, але ёсць сур’ёзныя тэхнічныя абмежаванні. Важней за ўсё дапамагчы Украіне збудаваць сетку раздробненых энергетычных устаноў, якую цяжэй будзе пашкодзіць. Гэта перш за ўсё зялёная энергетыка, якая выкарыстоўвае сонечную энергію, біягаз, а таксама прыродны газ. Польскія кампаніі маюць багаты вопыт і могуць дапамагчы.

Размаўляла Наталля Грышкевіч