Беларуская Служба

Польшча робіць стаўку на роварны рух

03.09.2024 16:56
У Польшчы прызначаны ўпаўнаважаны ўраду па роварнаму руху.
Веласіпедны рухFoto: monticello/Shutterstock

Падрыхтоўка плана развіцця веласіпеднай палітыкі для ўсёй краіны - галоўная задача ўпаўнаважанага па роварнаму руху, якога прызначыў міністр інфраструктуры.

Гэтую пасаду заняў Пётр Каліш, які дагэтуль быў адказны па пытаннях веласіпеднай палітыкі маршалка Сілезскага ваяводства.

Упаўнаважаны, у тым ліку, займаецца папулярызацыяй язды на ровары, падрыхтоўкай прававых рашэнняў для павышэння бяспекі веласіпедыстаў і бяспечнага аб'яднання розных удзельнікаў дарожнага руху - пешаходаў, вадзіцеляў і веласіпедыстаў.

Як сказаў міністр развіцця Дарыюш Клімчак, перад паўнамоцным прадстаўніком стаіць шмат задачаў.

- Галоўнай мэтай з'яўляецца падрыхтоўка інтэграванай стратэгіі роварнага руху. Нам важна таксама наладжванне і замацаванне добрага супрацоўніцтва з чыгункай, дарожным рухам, арганізацыямі кіроўцаў і арганізацыямі веласіпедыстаў.

Пётр Каліш распавёў пра найбольш актуальныя праблемы, якія ён хацеў бы вырашыць на пасадзе ўпаўнаважана ўраду па роварным руху.

- Наспелым пытаннем з'яўляецца падрыхтоўка прававога забеспячэння больш хуткага развіцця інфраструктуры роварнага руху. У нас ёсць немалыя сродкі ад Еўрасаюза і каб іх выкарыстаць у нас павінны быць распрацаваныя правілы развіцця роварнай інфраструктуры. Нам неабходна наладзіць блізкае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, а дакладна з Еўрапейскай арганізацыяй раварыстаў, якая стварае веласіпедную палітыку на еўрапейскай арэне.

Паводле дадзеных Міністэрства інфраструктуры, 65 працэнтаў палякаў заяўляюць, што яны рэгулярна ездзяць на ровары.

 яс/IAR

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі