EУ Кельцэ прыехалі амаль восемсот удзельнікаў з 34 краін. Яны дэманструюць, у тым ліку, верталёты і мінамёты і іншую сучасную ваенную тэхніку. Польская ваенная прамысловасць прадстаўляе сваю вытворчасць, а польскі ўрад падпісвае кантракты ў тым ліку з замежнымі канцэрнамі.
І так, на ваенных аэрадромах Польшчы з'явяцца новыя сістэмы радыёлакацыйнага назірання. У Кельцах Агенцтва ўзбраенняў падпісала кантракт з іспанскай кампаніяй Indra Sistemas на пастаўку 15 радыёлакацыйных комплексаў. Намеснік міністра нацыянальнай абароны Павал Бэйда, які прысутнічаў падчас падпісання кантракту, сказаў, што дамова з іспанскім партнёрам — гэта доўгачаканы і вельмі патрэбны кантракт для польскіх узброеных сілаў.
- Гэтыя сістэмы вельмі чакаюць нашыя лётчыкі і нашыя камандзіры, усе, хто абслугоўвае ваенныя аэрадромы. Усе хочуць працаваць з сучаснымі радарамі, якія дапамагаюць назіраць за небам, каб самалёты бяспечна ўзляталі і прызямляліся. Як вядома, неўзабаве мы чакаем самыя сучасныя самалёты, у тым ліку F-35.
Кошт кантракту складае каля 1 мільярда злотых (240 млн еўра). Перамовы доўжыліся некалькі месяцаў і ў пачатку ліпеня гэтага года завяршыліся. Цяпер на польскіх авіябазах выкарыстоўваецца састарэлае абсталяванне 1980-х гадоў для радыёлакацыйнай абароны ўзлётна-пасадачных палос.
На міжнароднай выставе ВПК у Кельцах былі набытыя беспілотнікі для польскай арміі. Агенцтва ўзбраенняў заключыла выканаўчы чарговы кантракт з WB Electronic на закупку беспілотных лятальных апаратаў FlyEye. Гэта беспілотная сістэма назірання, прызначаная для разведвальных задач, назірання за полем бою і маніторынгу.
WB Electronic паставіць, аналагічна першаму выканаўчаму дагавору, заключанаму ў красавіку гэтага года, шэсць камплектаў. У кожным з іх па чатыры беспілотныя лятальныя апараты.
Павал Бэйда, намеснік кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны, які адказвае за мадэрнізацыю арміі, сказаў, што раздзяленне асноўнага кантракту на меншыя дагаворы з'яўляецца патрабаваннем сучаснага поля бою.
- Журналісты пытаюць, чаму галоўны рамачны кантракт вельмі часта падзелены на часткі. Прычына ў тым, што кампанія WB Elektronic i Агенцтва ўзбраенняў вывучаюць сітуацыю ва Украіне і аператыўна ўводзяць змены. Сістэмы, якія мы цяпер купляем, найбольш сучасныя і яны будуць добра служыць польскаму войску.
Галоўны рамачны кантракт на закупку польскіх дронаў FlyEye для польскага войска быў заключаны ў Кельцах год таму. Кантракт прадугледжвае пастаўку ў агульнай складанасці 400 беспілотных комплексаў. Гэта азначае, што агулам ў бліжэйшыя гады польскаму войску будзе пастаўлена 1600 беспілотнікаў.
Кампанія WB ELECTRONICS S.A. з'яўляецца лідарам у сучасных распрацоўках для абароннай прамысловасці, а таксама па пастаўках новых тэхналогій для польскай арміі. Гэта польская кампанія, якая працуе ў зброевай прамысловасці. Яна праводзіць даследаванні і распрацоўкі ў галіне электронных тэхналогій і праграмнага забеспячэння, а таксама вырабляе спецыяльныя сістэмы, камп’ютары і тэрміналы з узмоцненай структурай, сродкі ваеннай тэлекамунікацыі і прылады радыёэлектроннай тэхнікі для розных родаў войскаў.
Польская зброевая прамысловасць прадэманстравала на выставе ВПК у Кельцах сучасную мабільную спадарожнікавую разведвальную платформу. Год таму падчас гэтага ж мерапрыемства тры кампаніі пачалі супрацоўніцтва па будаўніцтве платформы. Цяпер сістэма была афіцыйна прэзентаваная на стэндзе кампаніі Polska Grupa Zbrojeniowa, якая ўваходзіць у кансорцыўм па стварэнні платформы мабільнай спадарожнікавай разведкі.
Платформа заснавана на спадарожніках радыёлакацыйнай разведкі фінскай кампаніі ICEYE. Прэзідэнтам і сузаснавальнікам ICEYE з'яўляецца паляк Рафал Маджэўскі. Падчас прэзентацыі Маджэўскі сказаў, што польскія інжынеры камерцыйных і дзяржаўных прадпрыемстваў могуць пахваліцца прадуктам сусветнага ўзроўню.
- Спадарожнікавыя дадзеныя часта выкарыстоўваюцца ў аперацыйных і нават тактычных дзеяннях. Нам не хапала адпаведнага наземнага аб'екту. І мы стварылі такі прадукт, які дазваляе выкарыстаць патэнцыял спадарожнікавых сістэм і забегчы ў будучыню з выкарыстаннем касмічных сістэм на полю бою.
Мабільная платформа спадарожнікавай разведкі - гэта прадукт, які дазволіць арміі хутка прымаць рашэнні на аснове спадарожнікавых дадзеных, якія перадаюцца ў рэальным часе. Цяпер ICEYE мае 20 спадарожнікаў SAR - гэта радар, які выкарыстоўваецца для атрымання дакладных выяў нерухомых аб'ектаў. Прыборы кожную гадзіну фатаграфуюць абраны ўчастак. Зараз спадарожнікі выкарыстоўваюцца, у тым ліку, Узброенымі сіламі Украіны.
яс/IAR