Беларуская Служба

Куба занепадае. «Выспе свабоды» не хапае грошай на імпарт паліва

18.11.2024 16:32
За апошні месяц на Кубе было арганізавана больш за 80 антыўрадавых дэманстрацый з-за шырокага дэфіцыту энергіі і паліва.
Аўдыё

Куба, якая змагаецца з дэфіцытам паліва, не мае грошай на імпарт паліва, паведамляюць незалежныя кубінскія СМІ, указваючы на праблемы з разгрузкай гандлёвага судна PVT Clara, якое ў сярэдзіне верасня адплыло з расійскага горада Крулевец (раней Калінінград) у бок Карыбскага мора, - піша польскі партал energetyka24.com.

Нягледзячы на ​​тое, што кубінскія ўлады анансавалі прыбыццё гэтага судна ў порт Гаваны ў пачатку кастрычніка, карабель чакаў разгрузкі на якары 42 дні.

Высновы кубінскіх незалежных медыя 14ymedio і Radio Marti паказваюць, што ўрад Кубы, які змагаецца з сур'ёзным энергетычным крызісам, мае вельмі абмежаваны бюджэт на імпарт паліва. Як вызначылі незалежныя СМІ, гэта і стала прычынай доўгага чакання танкераў на якарных стаянках.

Камуністычныя ўлады Кубы хаваюць ад грамадскасці працяглы час чаканнятанкераў, каб зайсці ў порт. Аналагічная сітуацыя і з караблём Eco Merlin, які перавозіць 220 тыс. барэляў звадкаванага прыроднага газу. Судна чакае каля кубінскага ўзбярэжжа 50 дзён, — паведамляе 14ymedio, адзначаючы, што дэфіцыт паліва паглыбляе і так вялікую праблему з перабоямі электра- і водазабеспячэння на востраве, узмацняе антыўрадавыя настроі.

Камуністычны рэжым у Кубе не грэбуе дэзінфармацыяй насельніцтва. Напрыклад, афіцыйныя СМІ паведамлялі, што ў выпадку з танкерам з расійскага порту, яно прыбыло на востраў з грузам «расліннага алею».

Як паведамляе Radio Marti, за апошні месяц на Кубе было арганізавана больш за 80 антыўрадавых дэманстрацый з-за шырокага дэфіцыту энергіі і паліва.

эж