Прыкладна мільён карыстальнікаў кожны дзень ствараюць акаўнт на платформе BlueSky. Платформа павінна стаць альтэрнатывай былому Twitter - цяпер X, які належыць Ілану Маску.
У эфіры Polskie Radio 24 намеснік галоўнага рэдактара Money.pl Міхал Вансоўскі сказаў, што рашэнне многіх людзей перайсці на іншую платформу звязана з двума фактарамі.
— Маштабны выхад з платформы Х з'яўляецца маніфестам супрацьстаяння Ілану Маску, які падтрымаў Дональда Трампа падчас прэзідэнцкіх выбараў у ЗША і ўвойдзе ў склад яго кабінету. А другая прычына — гэта палітыка платформы Х, якая ўлічвае выкарыстанне дадзеных дзеля трэніроўкі штучнага інтэлекту, то бок усё, што там змяшчаецца, будзе выкарыстоўвацца АІ.
Міхал Вансоўскі падкрэсліў, што пакуль рана казаць, ці прывядзе BlueSky да заняпаду платформы X. Ён дадаў, што BlueSky мае дзве перавагі, якія могуць прыцягнуць інтэрнэт-карыстальнікаў. Паводле яго слоў, справа ў адсутнасці палітычных матываў пры заснаванні і адсутнасць рэкламы.
BlueSky была створана ў 2021 годзе па ініцыятыве сузаснавальніка Twitter Джэка Дорсі, але толькі ў апошнія месяцы платформа зафіксавала дынамічны рост колькасці карыстальнікаў.
У сярэдзіне верасня ў яго было 10 мільёнаў карыстальнікаў, а цяпер — 16 мільёнаў акаўнтаў.
IAR/яс